Вялейскія краязнаўцы абмяняліся досведам з Браслаўскімі

У мінулую нядзелю ў музеі традыцыйнай культуры адбылася сустрэча па абмене вопытам працы па ахове і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. На яе сабраліся каля двух дзясяткаў чалавек. У мерапрыемстве прынялі ўдзел госці з Вілейкі – таварыства аховы помнікаў і рэдакцыя краязнаўчага выдання “Волат”.
Дырэктар браслаўскага музейнага аб’яднання Надзея Дударонак прывітала гасцей і расказала пра дзейнасць установы за апошні год. А галоўны захавальнік фондаў Ганна Базарэвіч падзялілася цікавымі і малавядомымі гісторыямі нашага края, а таксама расказала пра краязнаўчае выданне “Павет”.

Асобным блокам было пытанне, якое закранала «медыйнае» жыццё горада. Так, журналіст Галляш Сялява прадставіў інфармацыйную прастору Braslaw.by, якая апрача асвятлення жыцця горада з’яўляецца ініцыятарам культурных і спартовых мерапрыемстваў, у тым ліку краязнаўчых вандровак і талокаў.

Пасля невялікага перапынку на гарбату, слова ўзялі госці з Вілейкі. Зміцер Хаценчык з Таварыства аховы помнікаў паказаў выданні, якія выдалі вілейскія краязнаўцы: кнігу “Паўстанне 1863 года”, паштоўкі “Спадчына Вілейшчыны”, часопіс “Волат”, каляндарыкі з выявай архітэктурнай спадчыны, а таксама мультымедыйны дыск “Шляхамі Вілейшчыны”.

Краязнаўца Аляксей Лужынскі расказаў прысутным пра вандроўкі і экспедыцыі, якія ладзілі неабыякавыя да гісторыі свайго края людзі, пра карысць такіх даследванняў. А Ілля Якавюк падзяліўся мастацтвам арганізацыі культурных імпрэз, канцэртаў і сустрэч з гісторыкамі, якія перыядычна адбываюцца ў Вілейцы.

Пасля прэзентацыі адбылася самая цікавая частка сустрэчы: абмеркаванне агучанай інфармацыі. Браслаўчане акрэслілі тое, што з дзейнасці вялейскіх краязнаўцаў варта было б пераняць, і ажыццявіць у нашым краі.

Перад ад’ездам для вілейчукоў зладзілі экскурсію па музеях, і госці на развітанне прызналіся, што Браслаў пакінуў у іх уражанне ўтульнага і гасціннага мястэчка, якое хочацца наведаць яшчэ раз. Будзем спадзявацца, што мерапрыемства прынясе плён, а вопыт вілейскіх калег можна будзе ўжыць і ў нашых умовах.

549