У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава графікі Ванды Лагун

На мінулым тыдні ў музеі традыцыйнай культуры адкрылася новая выстава, прымеркаваная да дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі. На ёй глядач зможа пабачыць больш за два дзясяткі карцін, намаляваных мастачкай з нялёгкім лёсам Вандай Лагун з вёскі Германавічы Шаркаўшчынскага раёна.
Дзяўчынай яна скончыла ўсяго 5 класаў, а пасля сурёзна захварэла, і гэта кардынальна змяніла ўсё яе жыццё. Бліжэй да 50 год у нагах жанчыны з’явіўся востры боль, і яна зусім перастала хадзіць. Пяць гадоў Ванда правяла ў чатырох сценах, а ў 2008 годзе яе не стала. Але гэты кароткі сумны нарыс зусім не азначае, што яе жыццё прайшло марна. Колькі разоў мне даводзілася заўважаць, што людзі, на долю якіх выпадаюць падобныя выпрабаванні, шмат мацнейшыя за тых, хто жыве бесклапотна. І часта сярод такіх людзей трапляюцца вельмі таленавітыя, народныя самародкі.

Ванда была адной з іх. Пра такіх кажуць: талент прарэзаўся нечакана. Адзінай здаровай рукой яна пэндзлем і алоўкам выводзіла беларускія краявіды і казачныя замкі, таямнічы лес і жывёл, вясковыя будні. Яе творы знаходзяцца ў шматлікіх прыватных калекцыях розных дамоў творчасці. Жанчына любіла дарыць свае малюнкі сябрам. Яшчэ пры жыцці Ванда казала, што маляваць трэба так, каб выглядала ладна. “Закрыю павекі і ўяўляю, дзе я знаходжуся”, -- так і з’яўляліся чароўныя палацы, неверагоднай прыгажосці рачулкі, горныя пейзажы.

Быў у яе і яшчэ адзін талент: Ванда пісала вершы і апавяданні, тэмай якіх былі дзіцячыя ўспаміны і назіранні за навакольным светам. На адкрыцці выставы супрацоўнік музея Ларыса Дарафейчык прачытала прысутным, сярод якіх, дарэчы, былі і наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра, некалькі яе твораў.

Гэтую выставу варта наведаць кожнаму, хоць бы для таго, каб пераканацца, што нават калі чалавек губляе здароўе, ён усё роўна можа ствараць і кожны дзень расці духоўна.

512