Магія старажытнага рамяства

Мяркую, многія браслаўчане і госці нашага горада пагодзяцца з тым, што Браслаўскі музей традыцыйнай культуры — установа ўнікальная. Акрамя арганізацыі рознага кшталту выставак і экспазіцый, яго супрацоўнікі зберагаюць традыцыі нашага краю, адраджаюць і распаўсюджваюць старажытныя беларускія рамёствы. Гэта сапраўдныя майстры сваёй справы, што і пацвярджаюць падчас удзелу ў абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных фестывалях і конкурсах. Сярод іх і метадыст музея Ларыса Дарафейчык.
Выцінанкі, маляванкі, роспіс яек, традыцыйныя лялькі — усімі гэтымі рамёствамі жанчына паспяхова авалодала і цяпер дзеліцца іх сакрэтамі з дарослымі і дзецьмі. Але ёсць яшчэ адзін занятак, які сама Ларыса не адносіць да работы, а лічыць выключна задавальненнем для душы, — гэта ганчарства. Яшчэ з дзяцінства спрабавала, гуляючы, нешта ляпіць з гліны. Да таго ж яе бабуля ўсё жыццё займалася ганчарствам.

З гадамі інтарэс да работы з глінай перарос у вялікае захапленне. Ларыса скончыла рэжысёрскі факультэт Мінскага інстытута культуры, працавала загадчыкам сельскага клуба, метадыстам цэнтра дзіцячай творчасці, але ніколі не забывалася пра свой ганчарны круг. А калі памерла бабуля, з’явілася патрэба працягваць яе справу. У штодзённых сямейных клопатах (з мужам выгадавалі дзвюх дачок) Ларыса заўсёды знаходзіла час і сілы для любімага занятку.

Цяпер Л. Дарафейчык працуе метадыстам музея традыцыйнай культуры, дзе пастаянна ладзяцца выстаўкі ганчарных вырабаў. Таксама Ларыса ўдзельнічае ў рабоце “Горада майстроў” на “Славянскім базары” ў Віцебску, яе работы ўпрыгожваюць выставы на раённым фестывалі “Браслаўскія зарніцы”. Так дзіцячае захапленне перарасло ў прафесію.

Доўгі час была нейкая віна перад бабуляй, — кажа Ларыса. — Цяпер жа яна знікла, затое ёсць адчуванне: тое, што я раблю, — патрэбна і прыемна. Пах гліны, знаёмы з дзяцінства, — гэта штосьці неверагоднае.
Дарэчы, у ганчарнай майстэрні пры музеі, дзе працуе майстрыха, захоўваецца і ганчарны круг, посуд бабулі, а таксама керамічныя вырабы, створаныя таленавітымі рукамі яе ўнучкі. Ларыса лепіць і звычайныя рэчы гаспадарчага прызначэння, і больш складаныя дэкаратыўныя талеркі, фігурныя сасуды, кубкі з гербам Браслава, і цацкі, і адмысловыя творы скульптурнага характару.

Дасягнуць майстэрства ў рабоце з глінай няпроста: не адзін год майстрыха шукае, а потым адпрацоўвае свой стыль, свае формы. Ганчарнае рамяство прыцягвае яе творчасцю і незвычайнай энергетыкай, паколькі даводзіцца працаваць з усімі стыхіямі прыроды: зямля (гліна), вада, агонь і паветра.

Прыемна, што ў Ларысы ёсць і прадаўжальнікі ганчарнай справы, прычым не толькі сярод наведвальнікаў гуртка, але і ў сям’і: дзве яе дачкі скончылі Віцебскі тэхналагічны каледж, дзе набылі спецыяльнасць ювеліра-кераміста, і таксама пранікліся магіяй гэтага старажытнага рамяства.

Жанна Бялько. Фота аўтара.

464