Шэдэўры Веры Шыкалавай

Звычайная саломка і тканіна ва ўмелых руках браслаўчанкі Веры Шыкалавай ператвараецца ў сапраўдныя шэдэўры, якія можна разглядаць гадзінамі, настолькі дасканала прадумана кожны сантыметр вырабу.

Некалі В. Шыкалава прыйшла на заняткі па саломапляценні ў Музей традыцыйнай культуры. Цярплівая і ўважлівая, яна паспяхова засвоіла навучальны курс у Элеаноры Зінкевіч, вывучыла асноўныя прыёмы і тэхналогіі пляцення, зрабіла неабходныя вучэбныя работы і з цягам часу стала прызнаным майстрам па саломапляценні. Цяпер яе вырабы добра вядомы ў раёне, яна пастаянная ўдзельніца выставак і кірмашоў, а нядаўна ў музеі адкрылася яе персанальная выстава.

— Вера Мікалаеўна — адметны майстар са сваёй непаўторнай аўтарскай задумай. У яе руках саломка ператвараецца ў незвычайныя рэчы, а фантазія Веры Мікалаеўны не мае межаў, — адзначае загадчык музея традыцыйнай культуры Э. Зінкевіч.

Нягледзячы на тое, што жанчына займаецца саломапляценнем шмат гадоў, яна па-ранейшаму самаўдасканальваецца і вучыцца новаму. Часта для таго, каб стварыць чарговы выраб, патрэбна шмат часу і нават вывучэнне дадатковай інфармацыі.

Але саломапляценне — не адзінае захапленне Веры Шыкалавай. Некалькі гадоў таму назад яна пачала займацца ласкутным шыццём. І ў гэтым таксама дабілася прызнання сярод браслаўскіх майстроў. Яны адзначаюць яе пачуццё колеру, акуратнасць і мастацкі густ. Яе пано і посцілкі розных памераў сталі сапраўдным упрыгожваннем дамоў родных і сяброў.

На адкрыцці персанальнай выстаўкі жанчыны, дзе прадстаўлены вырабы з саломкі і тканіны, сабралася шмат людзей. Павіншаваць В. Шыкалаву з гэтай падзеяй прыйшлі родныя, сябры, браслаўскія майстры і калегі па захапленням. З іх вуснаў гучала шмат добрых слоў і кампліментаў у яе адрас. І гледзячы на творчыя здабыткі Веры Мікалаеўны разумееш, што ўсе словы гучалі нездарма!

Алена Набеева.

425