На форуме ў Магілёве

У Магілёве з 30 верасня па 2 кастрычніка праходзіў ІІІ Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. Ён сабраў больш за 100 музейных устаноў з усёй краіны. У гэтай значнай падзеі ўдзел прыняло і Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў.

Форум, які адбываецца раз у два гады, быў прысвечаны тэме “Музеі ў новай крэатыўнай эканоміцы” і праводзіўся з мэтай падтрымкі музейнай справы ў Беларусі, прыцягнення ўвагі грамадскасці і стымулявання творчых ініцыятыў, заахвочвання работнікаў, якія ўносяць значны ўклад у вывучэнне, захаванне і папулярызацыю культурных каштоўнасцей. Акрамя таго, гэта ўнікальная магчымасць для ўдзельнікаў убачыць апошнія распрацоўкі і праекты, азнаёміцца з тэматычнымі выданнямі і дасягненнямі ў музейнай сферы.

Мерапрыемства аб’яднала на адной пляцоўцы больш за сотню разнапланавых музеяў і іх экспазіцыі. Падчас яго правядзення адбываліся прэзентацыі музейных устаноў, семінары і дыскусіі, дэманстрацыя творчых праектаў. Супрацоўнікі музея традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч і Ларыса Дарафейчык прэзентавалі наведвальнікам форума фестываль сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”.

— Для таго, каб годна расказаць пра фестываль, мы падабралі лепшыя фотаздымкі і прадметы, якія трапна яго характарызуюць. Так, на нашай выставачнай пляцоўцы ўсталявалі драўляную эмблему і разгарнулі фотавыставу, прысвечаную фестывалю. Таксама паказвалі нашым гасцям відэа, знятае падчас яго правядзення. Каб людзі акунуліся ў сярэдневяковую атмасферу, мы апрануліся ва ўборы ХІ — ХІІ стагоддзяў, на месцы праводзілі майстар-класы па вязанні іголкай, пралі на верацяне і выраблялі гліняныя прасніцы, — расказала Э. Зінкевіч.

Па словах нашых музейных работнікаў, удзел у форуме пакінуў самыя яркія і незабыўныя ўражанні. Ён даў магчымасць пазнаёміцца з калегамі з іншых абласцей і абмяняцца з імі вопытам. Таксама мерапрыемства натхніла на новыя ідэі і праекты.

Алена НАБЕЕВА.

431