Даследчык гісторыі Браслаўшчыны

У 2022 годзе спаўняецца 135 год з дня нараджэння беларускага гісторыка, вядомага даследчыка гісторыі Браслаўшчыны, краязнаўцы, прыродазнаўцы, педагога Отана Гедэмана. У шэрагу даследчыкаў мінулага нашага краю яму належыць асобае месца. О. Гедэман першым на сур’ёзным навуковым узроўні пачаў вывучаць мінулае браслаўскага рэгіёна. За кароткі час падрыхтаваў 8 манаграфій.

Нарадзіўся гісторык у Беларускім Палессі, на тэрыторыі Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. У 1919 г. пасля вучобы ва ўніверсітэце Гедэман з сям’ёй пераязджае на радзіму маці – на Браслаўшчыну. Спачатку настаўнічаў у вясковых школах, з 1922 г. выкладаў гісторыю ў Браславе, працаваў у Друі.

Пасля двух гадоў напружанай працы ў розных архівах у 1930 г. выйшла выданне “Гісторыя Браслаўскага павета”, грунтоўнае даследванне амаль на 500 старонак. О. Гедэман прасачыў палітычныя, ваенныя, культурныя, асветніцкія, гаспадарчыя, грамадскія працэсы ў межах старажытнага Браслаўскага павета з ХV ст. Кніга змяшчае 49 каштоўных здымкаў, ілюстрацый, карт. Гэта выданне да цяперашняга часу застаецца выдатным узорам краязнаўчага даследвання рэгіёна.

Отану Гедэману лёсам было адведзена толькі 50 гадоў жыцця. Ён быў першапраходцам у даследванні гісторыі рэгіёна і за кароткі прамежак часу зрабіў важкі ўклад у агульную справу вывучэння мінулага краю, пакінуў яркі след на небасхіле Браслаўшчыны.

688