«Здабытки дзесяцігоддзя» прэзентавалі ў браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі

На мінулым тыдні ў гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася адна з самых цікавых выстаў адыходзячага года. Навуковыя супрацоўнікі падрыхтавалі масу архіўных матэрыялаў – дакументаў, фотаздымкаў, рэчаў побыту, – якія адлюстроўваюць эпоху ІІ Рэчы Паспалітай на Браслаўшчыне. Увага наведвальнікаў акцэнтуецца на перыядзе, калі ў горадзе старостам быў Зеліслаў Янушкевіч (1923-1932 гг.).
На адкрыцці выставы навуковы супрацоўнік Ілля Вашкель расказаў пра час, калі ў Браславе закладаўся новы жыллёвы квартал, распрацаваны польскім архітэктарам Юліушам Клосам у 1924-26 гадах. Дарэчы, план квартала прадстаўлены ў новай экспазіцыі разам са схемай парцаляцыі (разбіення) зямельнага ўчастка ля опсаўскай сядзібы. Удзельнікам выставы было цікава даведацца, што наогул за час існавання рэгіёну пад польскай уладай, было зменена 7 старостаў, а аднойчы Браслаў нават наведаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Ігнацый Масціцкі.

У 1920-30-х гадах у рэгіёне вельмі шмат рабілася для развіцця спартыўнай інфраструктуры. Так, ля цяперашняга будынку гарадской бібліятэкі (раней быў Дом спорту) пабудавалі тэнісны корт, актыўна праводзілася парусная рэгата, на Дрывятах усталявалі пірс, а пад Слабодкай ладзіліся спаборніцтвы сярод памежнікаў, якія служылі на крэсах.

Цікава было пачуць пра тое, што ў будынку музея калісьці знаходзілася друкарня “Magata”, у сценах якой выдаваліся бланкі, квіткі і кнігі, а першы будынак староства да пабудовы “белага дома” размяшчаўся ў былой нарбутаўскай бальніцы (1922-1928). Дарэчы, на выставе можна пабачыць шыльду-герб, якая некалі вісела ля дзвярэй новага староства.

Фотаздымкі раскажуць вам пра разнастайныя падзеі, што адбываліся тады ў рэгіёне. Гэта і ўстаноўка помніка маршалку Юзафу Пілсудскаму, і работа чыгункі, частка якой (Друя-Дукштас) была тады адрамантавана, а вялікі кавалак пабудаваны (Друя-Варапаева), і служба ў касцёле, а таксама віды Браслаўшчыны. Сярод рэчаў, якія прадстаўлены на выставе, ёсць рарытэтная швейная машынка “Zinger”, жаночы касцюм і насценны дыван, вышыты шаўковымі ніткамі.

Музей ласкава запрашае наведаць новую выставу, якая будзе працаваць да канца студзеня.

477