Газета “Праўда” ад 10 мая 1945 года ўпершыню выстаўлена ў нашым гісторыка-краязнаўчым музеі

Газета “Праўда” ад 10 мая 1945 года ўпершыню выстаўлена ў нашым гісторыка-краязнаўчым музеі. Яе на захоўванне музейным работнікам перадала Марына Савіцкая, загадчыца дзіцячага сада № 2.

— Гэтае выданне цяпер знаходзіцца ў зале Вялікай Айчыннай вайны. Паглядзець і пачытаць яго можа любы наведвальнік, — кажа дырэктар раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак, — Акрамя таго сёлета мы пачалі праводзіць экскурсію “Узнагароды Вялікай Айчыннай вайны”.

У гэтыя майскія дні ў краязнаўчым музеі шмат наведвальнікаў. Прыходзяць і школьнікі з навучальных устаноў, і браслаўчане з дзецьмі. У дзень адбываецца па 5 — 6 экскурсій. Па словах экскурсаводаў, людзі ўважліва слухаюць і задаюць шмат дадатковых пытанняў. Акрамя экскурсій, у музеі прапаноўваюць пабываць на лекцыі “Подзвігі маладых браслаўчан”.

—Лекцыя расказвае пра моладзевы рух падчас ваенных дзеянняў на Браслаўшчыне. IMG_0183На прэзентацыі дэманструюцца фотаздымкі падпольшчыкаў, іх характарыстыкі, карты і іншыя дакументы. Суправаджаецца лекцыя таксама графічнымі работамі Пятра Касцюкевіча, маладога разведчыка брыгады “Спартак”, які вёў партызанскі дзённік, — расказвае яе аўтар, навуковы супрацоўнік Дар’я Васільева, — Хачу адзначыць, што слухачы, асабліва дзеці, вельмі зацікаўлена слухаюць і пакідаюць лекцью пад вялікім уражаннем.

У гэтым пераканалася і я, калі падчас наведвання музея, трапіла на экскурсію, прысвечаную Вялікай Айчыннай вайне. Гімназісты ўважліва лавілі кожнае слова экскурсавода, тым больш, што ім была юная Ульяна Цалпан, удзельніца гуртка “Браслаўшчына гістарычная”. Пагадзіцеся, калі маладое пакаленне выступае не толькі ў ролі слухачоў, але і расказчыка, гэта ўпэўнівае ў тым, што памяць пра подзвігі нашых дзядоў і прадзедаў будзе жыць вечна.
Алена Набеева.

143