Свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”

Вось ужо шосты год на Замкавай гары шматлікія аматары даўніны збіраюцца на свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”.

У суботу Замкавая гара чарговы раз ператварылася ў сярэднявечнае паселішча, дзе кожны жадаючы мог пазнаёміцца з побытам ваяроў, выставай ручных вырабаў майстроў Браслаўшчыны і гасцей свята. Трэба сказаць, тут было на што паглядзець: сувеніры з бісеру, гліны, саломкі, ткацкія вырабы, цудоўныя карціны цешылі вока.

Па традыцыі свята пачалося з шэсця клубаў гістарычнай рэканструкцыі з розных куткоў Беларусі,Латвіі і Польшчы. Віталі гледачы і рамеснікаў, якія аднавілі старажытныя тэхналогіі.

Нямала намаганняў прыклалі ўдзельнікі фэсту, каб здабыць жывы агонь. А калі ён разгарэўся, прадстаўнікі клубаў запалілі паходні і аднеслі агеньчыкі ў свой стан.

Не пакінула нікога абыякавым тэатралізаванае прадстаўленне вулічнага тэатра “VIR” з Мінска. За- тым свае здольнасці прадэманстравалі члены стралковага клуба лучнікаў “Бойс Клаб” са сталіцы. Уразіла і тое, што маладыя дзяўчаты стралялі не горш за хлопцаў. Далей ваярскія дружыны вікінгаў зладзілі сапраўдныя суровыя камандныя бітвы. А пакуль ваяры адпачывалі ад ратных спраў і рыхтаваліся да новых спаборніцтваў, над прасторай Замкавай гары гучала сярэднявечная музыка ў выкананні мінскага гурта “Літы талер”.

Паралельна з гэтымі відовішчнымі мерапрыемствамі працавалі пляцоўкі для тых, хто хацеў проста адпачыць з дзецьмі. Для малых музейныя супрацоўнікі падрыхтавалі батлеечнае прадстаўленне. Дзейнічала пляцоўка для жадаючых пастраляць з лука, а падсілкавацца можна было на сярэднявечнай кухні, ды браслаўскае райпа таксама прапаноўвала шырокі асартымент тавараў.

Уражальнымі падзеямі гэтага вечара стала і фаер-шоу, зладжанае артыстамі тэатра “VIR” і гуртом “NAVI”. Завяршыў свята грандыёзны салют.

Алена Пятушка.

461