Мастацкія выхадныя ў Браславе: у музеі традыцыйнай культуры адкрыліся адразу дзве выставы


У суботу, 4 лютага ў музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава па выніках мастацкага плэнеру, які праходзіў у Друі мінулым летам.
Арганізатар плэнеру ксёндз Сяргей Сурыновіч актыўна папулярызуе нашы край і мастацтва, развівае творчыя сувязі між інтэлігенцыяй нашай краіны на базе Друйскага кляштару. На адкрыцці ён расказаў пра папярэднія плэнеры, і тое, што на сёлетні ўжо пададзена каля сотні заявак ад розных беларускіх творцаў.
Сярод гасцей выставы быў і біскуп Алег Буткевіч, які ўзняў тэму важнасці мастацтва ў ключы рэлігіі. А музейныя супрацоўнікі ў сваю чаргу падарылі яму вышыванку й паяс.

У малой залі музея выстаўлены працы мясцовага мастака Паўла Туманоўскага. Па словах метадыста Музея традыцыйнай культуры Ларысы Дарафейчык, ён, як і Язэп Драздовіч на Глыбоччыне, пакінуў свой творчы след амаль у кожнай мясцовай хаце. — Жыў у нас у Браславе такі мастак-дзівак. Яго з аднаго боку можна назваць браслаўскім Язэпам Драздовічам, а з другога — браслаўскім Леанарада да Вінчы. Гэта вельмі цікавы чалавек, які не толькі маляваў карціны, але яшчэ быў і мастаком-вынаходнікам, прыдумваў розныя дэталі, напрыклад аэраплан у яго быў, такія рэчы, якія людзей ставілі ў нейкае тупіковае становішча, бо ніхто не верыў, што гэта можна зрабіць чалавеку, бо ён жа не інжынер і не мае своеасаблівай адукацыі.
Падчас адкрыцця выставы быў паказаны фільм пра мастака Туманоўскага. Яго стварыў мясцовы грамадскі актывіст Галляш Сялява разам з Вольгай Лук’янёнак. Яны займаліся зборам звестак пра мастака і ўшанаваннем яго памяці. Галляш прапанаваў прысутным сабраць сродкі на выраб пліты на магіле мастака. Павел Туманоўскі памёр у інтэрнаце для састарэлых у 2007 годзе, на яго магіле вісіць толькі таблічка з парадкавым нумарам.

Па матэрэялах сайтаў:
Партал Браслаўскага регіёна www.braslaw.by/
Беларускае Радыё Рацыя www.racyja.com