Вандороўка ў Друю

У 35 кіламетрах ад Браслава, на левым беразе Заходняй Дзвіны, там, дзе ў яе ўпадае рака Друйка, раскінулася Друя – адно са страражытных мястэчак нашага краю. Сярод ўсіх паселішчаў Браслаўшчыны Друя мае самую багатую гісторыю, матэрыяльную і духоўную спадчыну. Дзякуючы свайму месцазнаходжанню Друя захавала сляды розных эпох. Яна заўсёды знаходзілася на мяжы краін, культур і гісторыі.

Згодна з большасцю меркаванняў, паселішча атрымала сваю назву ад ракі Друйка, што паходзіць ад балтскага слова “друтас” (“drutas”), якое азначае “вялікі, шырокі” (паводле фіна-ўгорскай версіі чаргаванне гукаў “д” і “р” можа азначаць “вада”). Дарога з Браслава на Друю ідзе ўздоўж ракі Друйкі, гэта частка старажытнага гандлёвага шляху з Балтыйскага ў Чорнае мора. Для яго аховы з’явіліся умацаваныя гарадзішчы ў Браславе, Маскавічах, наваколлі Слабодкі, Друе. Друя была важным апорным пунктам на мяжы Полацкіх зямель з уладаннямі Лівонскага ордэна.

Рака Друйка – асноўная водная артэрыя Браслаўскай групы азёраў. Браслаўчане заўважаюць, што узровень вады у Дрывятах і іншых азёрах паступова паніжаецца. Адной з прычын гэтага з’яўляюцца работы па паглыбленню русла Друйкі, якія праводзіліся ў 1924-27 гг. польскімі уладамі менавіта з мэтай паніжэння ўзроўня Браслаўскіх азёраў. У 1950-я гады ў СССР развівалася праграма “малай гідраэнергетыкі” у выніку якой на Браслаўшчыне пабудавалі некалькі гідраэлектрастанцый. На Друйке яе стварылі каля вёскі Чэрнева. Акрамя эканамічнай, ставілася мэта “вяртання ўзроўня старых бытавых гарызонтаў азёраў”. Паклапаціліся і пра рыбныя багацціі, быў створаны рыбаход (перш за ўсё, дзеля вугроў) і вугралавушка каля вёскі Вусце. ГЭС на Друйке дзейнічае і зараз (яна называецца “Браслаўская”), яе аблюбавалі рыбакі і прыгожыя лебедзі, шмат якіх збіраецца ў запрудзе каля плаціны.

За вёскай Чэрнева пачынаецца вялікі лясны масіў “Друйская дача”. У ім знаходзяцца вельмі маляўнічыя азёры Абаб’е, Берца, Мядзведна. Жыхары Браслаўшчыны любяць гэтыя мясціны за іх прыгажосць і багатыя прыродныя дары, але трэба ўлічваць што Друйскі лес знаходзіцца ў памежнай зоне, а доступ ў памежнўю паласу трэба ўзгадняць з Друйскім пагранпастом. Даўняя дарога з Друі на Браслаў праходзіла праз самы лес, цяпер там праложаны наўтаправод у накірунку Латвіі.

Па дарозе на Друю можна наведаць магілу Георгія Эфрона, сына знакамітай паэтэсы Марыны Цвятаевай, які быў цяжка паранены ў ліпені 1944 г. у баі каля в. Друйка і лічыцца пахаваным на вясковых могілках каля вёскі Струнеўшчына.
На Друйскай шашы знаходзіцца вёска з цікавай назвай Яя. Магчыма гэта след знаходжання тут шведскіх салдат падчас Паўночных войнаў. На працягу года з 1655 па 1666 жыхары Браслаўшчыны былі пададзеннымі шведскага караля. Старажылы расказваюць, што сяляне злавілі двух шведаў, якія адбіліся ад войска. Якія б пытанні не задавалі чужаземцам, тыя цвярдзілі адно “Я-я”. Жаўнерам далі па кавалку зямлі і яны збудавалі хаты, якія сталі пачатакам новай вёсцы з незвычайнай назвай Яя.

У мінулым годзе адзначалася 630-годдзе Друі. Першае ўпамінанне пра Друю адносіцца да 1386 года. Сёння Друя – цэнтр сельскага савета, аграгарадок з насельніцтвам каля тысячы жыхароў. Яна месціца на прыгожых, высокіх берагах Дзвіны і Друйкі, якія падзялюць Друю на некалькі частак. Вядомы даследчык і краязнаўца О. Хедэман падчас вывучэння гісторыі Дзісны, трапіў на Магдэбургскія кнігі Друі і вырашыў напісаць параўнальную працу пра 2 гарады “Друя Магдэбургскі горад”. У працы гісторык змясціў асабісты план Друі 18 стагоддзя па якому бачна, што горад можна падзяліць на 3 часткі: 1) т. зв. Старое месца (горад) на левым беразе ракі Друйкі, 2) правабярэжны раён – Сапежын, і 3) Прыдруйск на процілеглым беразе ракі Дзвіны.

Па Друйскіх вулачках, што цягнуцца больш за 6 кіламетраў, можна вандраваць на аўтамібеле, веласіпедзе, а па цэнтры лепш за ўсё пешшу. Пачынаць вандроўку зручней з “шырокай” часткі Друі (той, дзе праходзіць чыгунка), рухаючыся па галоўнай дарозе ў накірунку чыгуначнай станцыі і Міёр. На Друйскай “аб’язной” можна спыніцца каля помніка камандзіру 302 стралковага палка, капітана С.С. Сартава, загінуўшага ў дзень вызвалення Друі, 6 ліпеня 1944 г. Дарэчы, ў пачатку ліпеня 1944 года за Друю адбываліся вельмі жорсткія баі, цэнтр пасёлка некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі, пакуль фашысцкія часткі ўдалося адціснуць да Дзвіны. Каля Друйскай школы знаходзіцца брацкая магіла салдат вызваліцеляў.

Далей ляжыць мост (напэўна, адзін з самых высокіх ў раёне) праз Друйку, адкрываецца цудоўны від на Траецкі касцёл, вусце Друйкі, водную плыню Дзвіны і Латвійскае мястэчка Педруя (былы Прыдруйск). З правага боку паўстаюць прыгожыя узгоркі, па якіх цягнецца палявая дарога ў бок возера Канстнанцінава і вёскі Шаркелі.

Побач ўжо чакае скрыжаванне. Калі рушыць прама і пераехаць чыгунку, хутка апынешся ў Міёрскім раёне (Друя ў складзе нашага раёна толькі з 1963 г.), у суседнім добраўпарадкаваным аграгарадку Ідолта. Там захаваўся касцёл Дзевы Марыі, капліца і сядзіба Мілашаў, уладальнікаў Друйскага графства ў 19 стагоддзі. Цікава адзначыць, што сваяцкія сувязі з Друйскімі Мілашамі меў славуты польскі паэт, Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш. У некалькіх кіламетрах ад Ідолта, на месцы былога млына каля вёскі Сурамшчына, знаходзіцца знакаміты вадаспад, самы высокі ў Беларусі.

Але нас перш за ўсё цікавіць сама Друя, таму на скрыжаванні паварочваем налева і трапляем на вуліцы мястэчка. Недалёка ад уезда знаходзіцца чыгуначная станцыя. З Друі пачалася гісторыя Браслаўскай чыгкнкі сто гадоў таму. У 1916 г., калі лінія фронту Першай Сусветнай вайны паміж нямецкімі і рускімі войскамі канчаткова стабілізавалася, з абодвух бакоў пачалося будаўніцтва падвозных чыгуначных шляхоў. Нямецкі бок збудаваў участкі Дукштас-Чэпуканы, Ігналіна-Відзы. Летам 1916 г. расіяне пабудавалі шырокакалейны пуць ад станцыі Бальбінава Рыга-Арлоўскай чыгункі да мястэчка Прыдруйск. Адначасова з гэтым за два месяцы будуецца вузкакалейны пуць каля 60 км.: Друя-Браслаў-Опса-Пеліканы. Праз Дзвіну ў Друі будуецца мост (ён праіснаваў да 1919 г., быў знішчаны падчас грамадзянскай вайны). У Прыдруйску ўзводзіцца вузкакалейнае паравознае дэпо, ў Друі – вагоннае дэпо і пазней дэпо па рамонту паравозаў. Пасля вайны ў 20-я гг. польскія ўлады злучылі абедзьве лініі. Даўжыня чыгункі Друя-Браслаў-Дукшты стала 94 км. Курсавалі 2 пары цягнікоў у дзень. Кожны цягнік складаўся з 2-3 пасажырскіх і 1-2 таварных вагонаў. У 1946 г. на вузкакалейку прывезлі новы састаў з Чэхаславакі (пасажыры называлі гэты паравоз “зязюляй” альбо “цюхцяй”). У 1931 г. вузкакалейка была звязана з шырокакалейнай чыгункай Варапаева-Друя, адзінай чыгункай пабудаванай палякамі ва усёй Заходняй Беларусі (“Крэсах Усходніх”). Яе будаўніцтва было звязана з планамі ўрада Польшчы ператварыць Друю ў рачны порт, звязаны з Балтыйскім морам. Але пасля будаўніцвта чыгункі значэнне Дзвіны як транспартнага шляху значна паменшылася. Паступова страчвалася эканамічная мэтазгоднаць існавання вузкакалейкі. Да 1965 г. чыгуначны участак Друя-Дукштас спыняе сваю дзейнасць. У Друі ад вузкакалейкі засталося дзяленне мястэчка на “Друю-вузкую” (там дзе былі дэпо і станцыя вузкакалейкі) і “шырокую” (адпаведныя дэпо і чыгуначная станцыя). “Вузкая” частка знаходзіцца ў гістарычным цэнтры мястэчка, дзе захаваліся пабудовы былога дэпо, месца разваротнага кола для лакаматываў, чыгуначны мост праз Друйку, які стаў аўтамабільным. “Друя-шырокая” дзейнічае да сённяшняга дня, прымае пасажырскія і грузавыя вагоны.

У Друі пачаліся падзеі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый на Браслаўшчыне. У 1917 годзе тут мясціўся батальён чыгуначных войскаў, салдаты якога сумесна з мясцовымі жыхарамі стварылі Савет афіцэрскіх і салдатскіх дэпутатаў. Друя стала цэнтрам Саветскай улады ўсяго Браслаўскага павета. У Друі нарадзілася Злата Ліліна, рэвалюцыянерка, жонка лідара бальшавікоў Р.Я. Зяноўева. Пазней стала пісьменніццай, аўтарам кніг для дзяцей, займалася педагагічнай дзейнасцю. З Друі паходзіў Ізраіль Вейцар, знакаміты эканаміст, ён ў 1934-37 гг. ўзначальваў народны камісарыят унутранага гандлю СССР.

Шырокая частка Друі прывядзе да “замка Сапегі”, цэнтра былога Сапежына. У 17 стагоддзі Ян Станіслаў Сапега заснаваў каля Друі новы горад Сапежын і надаў Сапежыну Магдэбургскае права. Аднак Сапежын так і не стаў асобным горадам, а развіваўся як частка Друі. Каб прывабіць рамеснікаў і гандляроў, абвяшчаліся падатковыя прывілеі для навасельцаў. Разам з Магдэбургскім правам у 1620 годзе Сапежын атрымаў свой герб – на блакітным фоне карабель з ветразем плыве па хвалях. Гэтыж сімвал стаў гербам сучаснай Друі.

Друя хутка стала самым буйным горадам у Браслаўскім павеце, цэнтрам гандлю і рамяства. Горад хутка адбудоўваўся, рос. Былі пабудаваны два масты праз Друйку, створаны вал для будаўніцтва замка на беразе Дзвіны насупраць вострава. Сапега распарадзіўся, каб для добраўпарадкавання вуліц і плошчаў “кожны, прыязджаючы на кірмаш, прывозіў 2 камяні або плаціў 2 медныя грошы”. У канцы 18 ст. частку вуліц забрукавалі, з’явілася гарадзкая пажарная ахова. Сапежынскі замак з рынкавай плошчай злучала вуліца Вялікая ці Сапежынская. Тады ж на месцы замка былі закладзены палацавы комплекс і парк. Цяпер у былой сядзібе знаходзіцца медыцынская ўстанова, акружаная старымі ліпамі, вязамі, каштанамі старажытнага парка. Калі прайсці праз парк і спусціцца да Дзвіны, апынешся насупраць невялікага вострава. Тут можна пасрабаваць павудзіць рыбу, альбо скупацца ў рацэ. Але трэба берагчыся даволі хуткай рачной плыні. Крыху правей, сярод хмызняку, знаходзіцца невялікая крынічка са смачнай вадой. У мінулым годзе ў наваколлях Друі быў створаны гідралагічны заказнік “Друйскі” – помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Цікавы і сам Дзвінскі востраў. Ён падзяляе раку на два рукавы, мае вялікія пясчаныя водмелі. Раней ён быў любімым месцам адпачынку для друян. Але цяпер па Дзвіне праходзіць мяжа з Латвійскай Рэспублікай і доўгі час на востраве могуць знаходзіцца, бадай што, толькі каровы мясцовых жыхароў. Трапіць туды без дазволу памежнікаў немагчыма.

Непадалёк ад парка знаходзіцца яшчэ адна сацыяльная ўстанова – школа-інтэрнат. Яна месціцца ў памяшканнях былога прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча меліяратараў. Друйскае вучылішча рыхтавала спецыялістаў меліярацыі: экскаватаршчыкаў, трактарыстаў і мела статус рэспубліканскага значэння. У школе-інтэрнаце захаваліся навучальныя мадэлі і макеты розных тыпаў меліярятыўнай тэхнікі.

Сучасны адміністратыўны цэнтр Друі знаходзіцца ў былым Сапежыне. Насупраць інтэрната месціцца пажарны пост, будынак сельскага савета і бібліятэкі. Побач захаваліся гаспадарчыя пабудовы 1920-30-х гадоў, калі тут размяшчалася камендатура польскіх памежнікаў.

Друя была таксама рэлігійным і асветніцкім цэнтрам. Друю называлі “горадам 20-ці храмаў”. Кожная канфесія мела тут сваі храмы ці манастыры: каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія, стараверскія, іўдзейскія. Аб велічы большасці з іх мы можам меркаваць толькі па дакументах, малюнках Дзмітрыя Струкава, Напалеона Орды, фотаздымках Яна Булгака. Сапегі аказвалі вялікую падтрымку каталіцызму і ўніяцтву. У Друі былі пабудаваны і дзейнічалі 4 касцёлы, 4 ўніяцкія і 2 праваслаўныя царквы. На жаль, толькі некаторыя з іх захаваліся да нашых дзён.
Кляштар бернардзінцаў, які захаваўся да нашых дзён, складаецца з касцёла Святой Троіцы, жылога корпуса, брамы і агароджы. Комплекс знаходзіца ва ўсходняй частцы пасёлка на высокім беразе Заходняй Дзвіны. Касцёл ўзводзілі ў 1643-1646 гг. на горшы тагачаснага ўладальніка Друі Казіміра Льва Сапегі – падканцлера Вялікага княства Літоўскага. Храм вылучаецца велічнымі манументальнымі формамі і незвычайнай прыгажосцю. Інтэр’ер храма, выкананы ў канцы 18 ст. у стылях поздняга барока і ракако. Гэта старэйшы з ўсіх захаваўшыхся храмаў Браслаўшчыны і адзіны прыклад гэтага архітэктурнага стылю. Да пажару ў 1944 г. на хорах узвышаўся велічны арган сярэдзіны 18 ст., аздоблены ў стылі ракако. У касцёле меліся таксама каштоўныя абразы, драўляная скульптура, літургічнае начынне, захоўваліся партрэты (у копіях 19 ст.) фундатара касцёла К. Сапегі і яго жонкі Барбары Тарнаўскай. На вялікі жаль, усё гэта загінула. Не зберагліся і каштоўныя старажытныя званы. Вялікі шматпудовы звон “Казімір”, выкананы ў вядомай людвісарні Ганса Багема ў Кракаве, падараваў храму К. Сапега. Выкарыстоўвалі “Казіміра” толькі ў выключных выпадках. Мясцовым парафіянам удалося выратаваць свае званы ў час Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, а знішчылі іх ўжо ў савецкі час. З паўночнага боку да касцёлу прымыкае жылы корпус, які ўтварае чатырохвугольны двор. У цэнтры двара раней знаходзіўся сад і калодзеж. У час вызваленчых баёў у ліпені 1944 г. у касцёл трапіла авіябомба, моцны пажар пашкодзіў інтэр’ер.
У 1920-30-я гг. пры Траецкім касцёле дзейнічалі ордэн сясцёр-еўхарыстак і манастыр айцоў-марыян. Манастыр і створаная пры ім гімназія сталі цэнтрам беларускай культуры ўсяго Віленскага краю. У гімназіі навучаліся дзеці розных канфесій і саслоўяў. Яна дала свету шэраг выдатных настаўнікаў (А. Цыкота, Я. Германовіч, Ф. Абрантовіч) і выпускнікоў: гісторык В. Ярмаловіч, доктар філасофіі Т. Падзява, мастак В. Жаўняровіч, біскуп, заснавальнік бібіліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане Ч. Сіповіч. З імі быў знаёмы яшчэ адзін Друйскі мастак Мікола Паўловіч, які працаваў у Парыжы. З Друйскіх марыян паходзілі пакутнікі Росіцкай трагедыі – бласлаўлёныя Юры Кашыра і Антон Ляшчэвіч. Друйская гімназія мела добры хор, ўласны альманах і аматарскі тэатр. У Друі нарадзіўся вядомы ў 1920-30-я гады спявак (бас) Юзэф Нарушэвіч, які пэўны час выступаў у Міланскім тэатры “Ла скала”. На жаль, лёс большасці Друйскіх айцоў-марыянаў скалаўся трагічна ў палітычных ўмовах першай паловы 20 стагоддзя. Перад ўваходам ў Траецкі касцёл ўсталяваны металічны крыж – помнік усім святарам, якія сталі ахвярамі таталітарызма.
Траецкі касцёл і па сённяшні дзень з’яўляецца сімвалам Друі. З яго высокай званіцы адкрываецца неверагодны від на Друю, Дзвіну, Педрую. Дзякуючы намаганням ксяндза Сяргея Сурыновіча, пры храме працягваецца духоўнае і культурнае жыццё. Аднаўляецца інтэр’ер, жылыя памяшканні, навакольная тэрыторыя. У касцёле з’яўляюцца новыя абразы, захоўваюцца драўляныя скульптуры Слабодсакага майстра Пятра Зяляўскага. Ладзяцца канцэрты, выставы, літаратурныя праграмы з удзелам вядомых дзеячаў сучаснага мастацтва. Сам ксёндз Сяргей з’яўляецца добрым мастаком, паэтам, збірае калекцыю жывапісу прысвечаннага Браслаўшчыне. Ужо другі год запар ў Друі праводзіцца мастацкі пленэр “Пачаткі”. У пленэры ўдзельнічаюць як мэтры беларускага жывапісу – Вольга Сазыкіна, Марта Шматава, Дзімтрый Сурыновіч, Алег Іларыёнаў і Алесь Пушкін, – так і пачаткоўцы, якія ў сваю чаргу прадстаўляюць усе накірункі сучаснага жывапісу: ад авангарду, сімвалізму да рэалізму. Большаць карцін застаецца ў галерэе Друйскага касцёла, выстаўляецца ў Браслаўскім музеі. У гэтым годзе пленэр ператворыцца у “Скарынер” прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, з удзелам мастакоў, літаратараў, гісторыкаў.
Наш шлях праз Друю вядзе да ракі Друйкі, тут яе бераг даволі нізкі, пакрыты травяным лугам, на якім ёсць месца для купання, перакінуты маленькі мосцік на “вузкую” частку Друі. З другога боку невялікі фруктовы сад. Тут праходзіла Духаўская вуліца пры ўніяцкай царкве Святога Духа. Большая частка Друйскіх храмаў знаходзілася ў міжрэччы Друйкі і Дзвіны.
На наступным ўзвышшы знаходзіцца Друйская школа. Яна цікава сваім музеям, прысвечаным гісторыі Друі. Музей мае багатую калекцыю манет, керамікі, ліхтароў, старажытных кніг, бытавых рэчаў, тавараў Друйскай вытворчасці (напрыклад пробку ад бутэлькі мясцовага піўнога завода). Музей створаны намаганнямі настаўнікаў, навучэнцаў школы і жыхароў Друі. Каштоўныя манеты альбо рэшткі кафлі Друяне часта знаходзяць на сваім агародзе падчас палявых работ. Нядаўна музей атрымаў новае памяшканне, каб больш дэтальна распавесці пра кожны перыяд гісторыі Друі. У школе добра наладжана краязнаўчая работа дзякуючы гістарычнаму гуртку пад кіраўніцтвам Міхаіла Ставіцкага.
Каля школы захавалася званіца царквы Пятра і Паўла пабудаваная ў канцы 18 ст. з цэглы і дрэва ў стылі барока. У той час на браслаўшчыне пабудавалі шмат ўніяцкіх храмаў (паступова ўніяцкімі станавіліся былыя праваслаўныя цэрквы). Пасля скасавання ўніі храм перадалі ў праваслаўны Дабравеўанскі прыход. Драўляныя спарахнелыя часткі будынка былі равзабраны. Мураваную званіцу перабудавалі ў капліцу, у якой захоўваўся вельмі шануемы старажытны абраз Спаса. Званіца моцна пацярпела ў гады Вялікай Айчыннай вайны, захаваліся толькі сцены, якія выкарыстоўваюцца пад гаспадарчыя патрэбы. Побач знаходзіцца будынак драўлянай стараверскай маленнай. Яшчэ адна стараверская царква маецца ў вёсцы Кірыліна за Друйскам.
Ад школы па вузкіх вулачках можна спусціцца да Дзвіны. У канцы 1960-х гадоў па Друйскай брукоўцы праходзілі танкі і ваенная тэхніка падчас здымак фільма “Вайна пад стрэхамі”. Шмат жыхароў Друі удзельнічалі ў яго эпізодах, пазнаёміліся з вядомымі савецкімі акцёрамі. Уздоўж берага Дзвіны цягнецца адна з самых цікавых Друйскіх вуліц – вуліца Альтэра Друянава.
Альтэр Друянаў – літаратар, фалькларыст, гісторык, грамадзкі дзеяч, які паходзіў з Друі з яўрэйскай сям’і. У Друі ён пачаў збіраць народный гумар мясцовых яўрэяў. Сур’ёзна займаўся вывучэннем яўрэйскага фальклора, пісаў публіцыстычныя творы, пераклады. Яго спадчына выйшла ў трох тамах на мове ідыш. Пасля Друі Альтэр Друянаў жыў і працаваў у Даўгапілсе, Адэсе, Тэль-Авіве, дзе таксама ёсць вуліца яго імя. Падчас вайны ў Пярсідзкім заліве яго кніга была самай папулярнай у тых ізраільцян, якія праводзілі час ў бомбасховішчах. Альтэр Друянаў вельмі любіў музыку, часта наведваў ізральіскую оперу разам са сваім сабак Бубкам, дзеля якога было нават забяспечана пастаяннае крэсла. Вялікі жартаўнік пахаваны на ізраільскай зямлі ў 1938 годзе. Сучаснік згадвае: “Калі яго не стала, то нас ўсіх апанаваў страх і жах: мы хавалі не проста добрага і дарагога чалавека, мы хавалі ўсмешку”.
У 19 стагоддзі вуліца А. Друянава завался Новая. Жылі на ёй ў асноўным яўрэі, напрыклад, багаты прадпрымальнік Я. Таўбман. У Друі ён меў аптэку, кузню, прыватны банк, бровар і два параходы на Дзвіне – “Надзея” і “Друя”. Усё жыццё пражыў тут знакаміты аптэкар з энцыклапедычнымі ведамі Аўгуст Адлер, аўтар брашур “Новая тэорыя земляробства”, “Аповесць аб трох героях сацыёлагах і гравітацыёлагу”. У Друі пачынаў сваю медыцынскую практыку доктар Станіслаў Нарбут. На гэтай жа вуліцы была сканцэнтравана мясцовая прамысловасць. Да нашага часу захаваліся некалькі будынкаў з чырвонай цэглы. На рэштах былога бровара кожны год гняздуюцца буслы. Некаторыя з будынкаю маюць няроўныя сцены і надзвычай высокія падмуркі з бутавага каменю. Рабілася гэта з ўлікам вялікіх веснавых павадкаў. Некаторыя з іх былі катастрафічнымі, калі Дзвіна і Друйка звыходзілі з берагоў і зліваліся паміж сабой. Тады ўжо каменні падымалі нават на гарышчы дамоў, каб іх зусім не змыла. Такія павадкі былі ў 1931 і 1956 гадах, калі большую частку жыхароў давялося эвакуіраваць. Апошняя “вялікая вада” ў Друі была ў 2004 годзе.
Адзін канец вуліцы А. Друянава спускаецца да берага Дзвіны, дзе з невялікага луга добра бачны Траецкі касцёл і востраў. Існуюць паданні аб падземных хадах, якія злучалі Касцёл з востравам і замкам Сапегаў. Самыя цікавыя месцы вуліцы знаходзяцца ў яе сярэдзіне. Гэта былы раён Дабравешчанскай вуліцы пры праваслаўным храме.
Храм у імя Дабравешчання Прасвятой Багародзіцы – перадусім – Дабравешчанскі кляштар – заснаваны ў 1687 годзе. Няшмат часу прастаялі пабудовы і былі знішчны пажарам. У 1723 годзе храм зноў адбудаваны (ахвяраваніі зрабіў быўшы тут Расійскі Імператар Пётр І, дарэчы з Друі паходзяць сваякі яго жонкі Кацярыны І), але ж праз тры гады згарэў з усёй маёмасцю і дакументамі. На месцы ўзнікла драўляная царква, якая прастаяла да 1823 года, калі была адбудавана сучасная каменная. У 1825 годзе кляштар скасаваны, а царква стала належыць прыходу. Зыходзячы з фотаздымкаў, у 50-х гг. 20 ст. царква яшчэ дзейнічала але пазней прыйшла ў заняпад, абваліўся дах, захавалася толькі званіца. Дзякуючы намаганням святара Ігара Чачуковіча жыццё Дабравешчанскага храма і прыхода аднавілася. На званіцы замянілі перакрыцці і дах, на ёй зноў зазвінелі званы, заблішчаў новы купал. Была прыбудавана алтарная частка, з’явіліся новыя вокны і атапленне. Для алтара быў напісаны новы іканастас. У Друі існавала свая іканапісная школа. Цікава што тэрмін “маляр” з часам змяніўся на “багамаз”. Гэта рускае вызначэнне іканапісца. У Друйскіх актах захаваліся сведчанні аб іх навучанні. Адзін з багамазаў у пачатку 18 стагоддзя бярэцца навучыць свайму майстэрству за адзін год за 50 злотых і пры адыходзе вучня абяцае даць “абразоў пяпяровых лібры дзве” (гутарка ідзе аб альбоме гравюр, якім карысталіся як прататыпам будучых ікон). Аднак большаць твораў засталіся толькі на фатаграфіях 1930-х гадоў. Да нашага часу дайшлі абразы другой паловы 18 стагоддзя з Дабравешчанскай і Петрапаўлаўскай царквы. Некаторыя з іх захоўваюцца ў Браслаўскім храме Ўспення Багародзіцы. Вядуцца работы па кансервацыі і захаванні асноўнага будынка Дабравешчанскай царквы, добраўпарадкаванню навакольнай тэрыторыі. Вялікую дапамогу аказваюць удзельнікі злётаў праваслаўнай моладзі, якія што год збіраюцца ў Друі на некалькі дзён.
Насупраць царквы знаходзіцца прыгожы драўляны будынак. Калісці тут была пошта, сёння былоб добра размесціць тут музей. Абавязковы пункт наведвання Друі – сэлфі каля памежнага знака Рэспублікі Беларусі з відам на Латвійскій бераг. Адзін з іх знаходзіцаа як раз за Дабравешчанскай царквой. Дзвіна заўсёды была натуральнай мяжой з прыбалтыкай, “Інфлянтамі” ці “Курляндыяй”. Побач з сучасным захавалася металічная аснова ад памежнага слупа “польскіх часоў”.
Яшчэ больш старажытны помнік – гэта магіла палкоўніка артылерыі рускага войска, удзельніка вайны 1812 года Пятра Шчытамір-Сухазанета. Паходзіў з беларускага шляхецкага роду Сухазанетаў, прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя і ваеныя пасады. Памёр палкоўнік ў 1830 годзе, было яму ўсяго 42 гады. Абставінвы яго смерці і знаходжання ў Друі дакладна не вядомы. Над Дзвіной, над абрыве, захавалася магіла і надмагільны пліта з фамільным гербам, адлітая з металу. У 2010 годзе па прычыннах пастаяннага падтаплення грунта магіла абваліллася, былі знойдзены рэшткі склепа. Намаганнямі мясцовых жыхароў надмагільны помнік і крыж былі адноўлены.
Другі канец вуліцы А. Друянава вядзе да плошчы мястэчка, на якой раней былі рынак і ратуша. Друя мела сувязь з Рыгай, Масквой і іншымі гарадами. На тры штогоднія кірмашы ў Друю прыбывалі шматклікія купцы. Ад вынікаў гэтых кірмашоў залежала жыццё друян і гарадскія даходы, паступаўшыя ад продажу “трункаў” (напіткаў), аплаты за вагі, меры, лазню, гасцінны двор і крамы. Карчмы складалі трэцюю частку ад колькасці дамоў. Цікава паказана жыццё старажытнай Друі ў фантастычным апавяданні Уладзіміра Мажылоўскага “Друйскі ваўкалак”. Па Дзвіне друяне вывозілі воск, зерне, лес. У Друі была рачная прыстань, меліся 2 гарбарныя і піўны завод. Асаблівым попытам карыстаўся Друйскі лён, на які навешваліся ярлыкі “друянер флякс”. Аднак у другой палове 19 стагоддзя значэнне водных шляхоў рэзка падае, і Друя паступова ператвараецца ў ціхае мястэчка, якое спыняецца ў сваім развіцці. Гэту Друю мы можам бачыць і сёння. Каштоўнасць уяўляе планіроўка мястэчка, якая ў значнай меры захавала гістарычныя рысы. Некалькі цікавых ў архітэктурных адносінах дамоў пабудавалі ў 1920-30-я гады на Друйскай плошчы. Побач з ёй невялікі парк і дом культуры на Беразе Дзвіны. Бяспрэчным цэнтрам увагі друйскай плошчы з’яўляецца Барысаў камень. Апынўся ён на гэтым месцы не так даўно, калі Друя адзначала сваё 625-годдзе.
Невялікая брукаваная вулачка пераходзць у сцежку і вядзе ад плошчы да вусця ракі Друйкі. Гэта “старое месца” з якога пачыналася Друя, дзе магчыма ўзвышаўся замак Полацкага княства. Цяпер на гэтым месцы яшчэ адзін памежны знак нашай краіны, на высокім беразе Дзвіны. На другім беразе бачны Латвійскі памежны пост і прыстань для былога парома, які звязваў Друю і Педрую.
Менавіта тут “ля вытокаў Друйскай гісторыі” даследчык Аляксей Сапуноў адкрыў Друйскі “Барысаў” камень у 19 стагоддзі. Гэты камень з’яўляецца помнікам эпіграфікі 12 стагоддзя і адносіцца да ліку “Барысавых камянёў”. Іх гісторыя звязваецца з Полацкім уладаром Брысам. Гісторыкі вылучаюць 7 такіх камянёў. 5 з іх знаходзіліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны, да нашых дзён захаваліся камяні ў Полацку і Друі, яшчэ адзін ляжыць у падмаскоўным музеі. Большую часкту сваёй гісторыі Друйскі камень быў скрыты водамі Друйкі. Дзякуючы ініцыятыўнай групе пад кіраўніцтвам старшыні мясцовага Савета Людмілы Шумчык камень быў падняты на бераг ракі ў 2002 годзе. Нажаль, за час сваіх вандровак нязвыклых, напэўна, для такіх валуноў, Друйскі камень страціў некаторыя свае часткі, раскалоўшыся на некалькі кавалкаў. Але ўсе галоўныя атрыбуты Барысавых камянёў ён захаваў: вялікую выяву праваслаўнага крыжа, надпіс “Господи помози рабу своему …”. Дзякуючы школьнікам пад кіраўніцвтам Міхаіла Ставіцкага ўдалося выявіць надпіс налічваючы 51 старажытнаславянскую літару. Верагодней за ўсё, частка надпісу была знішчана лёдам у 1930-я гады. Можна меркаваць, што знішчэнне закранула 30% надпісу левай часткі каменя. Дакладна расшыфраваць надпіс пакуль не удалося. Кожны можа паспрабаваць зрабіць гэта сам каля Друйскага камня на цэнтральнай плошчы мястэчка.
Друйскае “старое месца” ведае сумныя старонкі гісторыі на сваім вяку. Самай трагічнай падзеяй мінулага стагоддзя стаў лёс яўрэйскай абшчыны Друі. Яна была сэрцам Друі. Мы ўжо ведаем колькі выдатных людзей нарадзілася на Друйскіх завулках. У свае лепшыя часы Друя была горадам з насельніцьвам каля 5 тысяч жыхароў, две трэцці з якіх былі яўрэямі. Выдатным помнікам архітэктуры стылю барока была мураваная сінагога, адна з самых вялікіх ва ўсёй Беларусі, узведзенная ў канцы 17 стагоддзя. Сінагогу пабудавалі ў заходняй частцы Друі, у вусці паміж Друйкай і Заходняй Дзвіной. З’яўленне мураванай сінагогі невыпадковае. Па паданні (адна з гісторый сабранай А. Друянавым) яна ўзведзена на грошы ўладара горада графа Сапегі, які зрабіў вялікае ахвяраванне пасла таго як у яго нарадзіўся доўгачаканы неаследнік. Сінагога славілася багатай бібліятэкай і алтарнай шафай (каўчэг для Торы). Але, на жаль, ўсё гэта згарэла летам 1942 г. ў агні Друйскага гета. Здымкі сінагогі і яе інтр’ера ўвайшлі ў альбомы і класічныя падручнікі яўрэйскага мастацтва па ўсім свеце. Яна лічыцца выдатным творам мастацтва ўсёй еўрапейскай яўрэйскай абшчыны. Захаваўся толькі будынак малой сінагогі побач с плошчай. Яна была школай для яўрэйскіх падлеткаў. Пасля вайны ў ёй была мясцовая лазня.
Жыхары Друі не заставаліся ў баку ад пакутаў ахвяр гетта. Сафія Вішнеўская разам са сваім братам Феліксам на працягу трох гадоў вайны дапамагалі і хавалі ў сябе двух яўрэйскіх падлеткаў. Пазней яны атрымалі памятны знак і званне “Праведнікаў Свету”. Адзінкі, якім ўдалося выжыць ў Друйскім гетта далучаліся да партызан ці прызываліся ў Чырвоную армію. Вядомым партызанам быў Шлома Мосін. Сёння яўрэйскай абшчыны ў Друі няма. Гортска ацалелых раскідана па ўсім свеце: у Расіі, Еўропе, ЗША і большасць у Ізраілі. На месцы расстрэлу Друйскіх яўрэяў ў 2001 годзе паставілі помнік на грошы, сабраныя выхадцамі з гэтага мястэчка.
Па традыцыі планіроўкі мястэчак ад рынкавай плошчы адыходзяць галоўныя вуліцы ў накірунку суседніх паселішч. За вузкім мастом праз Друйку пачынаецца вуліца Браслаўская, да якой прымыкае “Курляндыя” – заходняя частка Друі ад назвы былой вуліцы Курляднскай. Левы бераг Друйкі таксама вельмі прыгожае і значнае ў гісторыі Друі месца. Побач з мастом, на высокім беразе Дрйкі стаіць праваслаўны крыж. Калісьці на гэтым месцы стаяла Спасская царква. Гэты храм, пабудаваны ў адзін час з сінагогай, паўтарыў яе лёс, знішчаны пажарам пры ліквідацыі Друйскага гета.
У 16 ст. у Друі з’явіўся каштоўны шэдэўр беларускай рукапіснай кнігі “Друйскае Евангелле”, якое было створана коштам Юр’я Андрэеевіча Галенішча, які надаў фаліант Спасскай царкве. На жаль, падчас вайны сяр. 17 ст. Евангелле было вывезена ў Масковію і зараз знаходзіцца ў зборах Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.
Як ужо паведамлялася раней – у склад Друі уваходзіла і прадмесце Прыдруйск, якояе верагодна ўзнікла адначасова з Сапежынам – у пач. 17 ст. , як гандлёвая прыстань, якая ажыцяўляла гандлёвыя сувязі з Інфлянтамі. З месца існавання Спасскай царквы бачны 2 храмы сучаснай Педруі: каталіцкі касцёла Ўзнясення Паны Марыі і праваслаўная царква Міколы Цудатворца, якія існуюць і зараз.
Улетку Друя патанае ў зеляніне. Гэта вельмі добра адчуваецца у двары старой Друйскай школы. Яна як і шмат іншых “школ Пілсудскага” была пабудавана ў 1920-30-х гадах. Польскія ўлады разглядалі яе як альтэрнатыву “прабеларускай” гімназіі пры кляштары айцоў-марыян. Побач з Друяй, на высокім пагорку ля дароги да хутара Стэфанова захаваўся абеліск у гонар маршала Польшчы Юзафа Пілсудскага. Дзейнічала школа і пасля вайны, да будаўніцтва новай школы ў “шырокай” Друі. Цяпер ціхі школьны дворык увесь абвіты зеленню прываблівае прыгожай драўлянай архітэктурай з вялікімі вокнамі, высокімі калонамі. Школа размешчана на высокім ўзгорку, адкуль добра бачна старая Друя ды памежная Педруя. Каля школы захаваліся фрагменты лесвіцы па якой можна спусціцца, скараціўшы шлях да маста праз Друйку.
Друя не аднойчы была месцам сутыкнення варожых армій: крыжацкіх, рускіх, шведцкіх, французскіх, нямецкіх. Летам 1812 г. непадалёку ад Друі шлі баі паміж напалеонаўскай Францыяй і Расійскай імперыяй. Так, Гродзенскі гусарскі полк пад кіраўніцтвам генерал-маёра Якава Кульнева нанёс значны ўрон кавалерыйскай дывізіі французскага генерала Себасцьяні. Кульнеў атакаваў адзін з атрадаў Шарля Удзіно аб чым рапартаваў лістом графу Вітгенштэйну. “Разабраўшы мост, непрыяцель заняў процілеглы бераг. Навёўшы спехам мост і на світанні пераправіўшы кавалерыю, я загадаў храбрама падпалкоўніку Родзігеру выстаріць дарусаны мне Гродзенскі гусарскі полк у дзве лініі, а казакам – прыкрываць флангі. У такім баявым парадку, і у месцы, дзе непрыяцель менш за ўсё сакаў нападу, ён быў атакаваны спачатку пры высотах Дзвіны, і ў некалькіх атаках, перашкаджаючы яму пастроіцца, храбры падпалкоўнік Родзігер паражаў яго няспынна, так, што ў прасторы да Чорнага поля (вёска Чэрнева) ўся яго кавалерыя, якая зкладалася з 11 конна-егерскага і 10 польскага-гусарскага палкоў, была амаль поўнасцю знішчана, і ўся дарога была пакрыта мёртвымі…”. Падчас ўдалага рэйда ўдалося захапіць ў палон шмат афіцэраў, у тым ліку упершыню ў Айчыннай вайне, французсакга генерала Сен-Жэні.У гонар аб Друйскім баі на ўскраіне мястэчка ўсталяваны памятны знак.
Пры выезде з Друі, побач з АЗС, на праваслаўных могілках, захаваўся помнік драўлянага беларускага дойлідства – царква Святога Георгія, пабудаваная ў 19 стагоддзі ў якасці капліцы. Размешчаная на ўзлеску, пафарбаваная ў зялёны колер невялікая царква здаецца мініяцюрнай цацкай. На суседніх каталіцкіх могілках пахаваны поўны георгіеўскі кавалер Эдуард Сансор-Сасноўскі. Поўныя георгіеўскія кавалеры – гэта героі Першай сусветнай вайны, якія праявілі ввыключны гераізм. На жаль, вельмі мала захавалася звестак пра Э. Саснора-Сасноўскага. Ён нараджэнец Латгаліі, пасля рэвалюцыі пераехаў з сям’ёй у Друю. Свой першы георгіеўскі крыж атрымаў за вызваленне Смаргоні.
Адно з самых дзіўных месцаў у Друі, эмацыйнасць якога проста зашкальвае – яўрэйскія могілкі пры ўездзе ў вёску. Старадаўнія каменныя помнікі ствараюць цэлы “гарадок”, царства мёртвых, якое існуе на дзіўным пагорыстым ландшафце. На могілках падтрымліваецца парадак, а калі паглыбіцца, то можна выявіць помнікі з унікальнымі каляровымі роспісамі. Ваеннае ліхалецце не пашкадавала старадаўнія могілкі яўрэйскай абшчыны Друі. Фашысцкія карнікі наўмысна знішчалі надмагільныя камні і векавыя дубы ўзждоўж могілак. Пасля знішчэння Друйскага гета могілкі амаль не выкарыстоўваліся. Апошнія пахаванне адбылося ў 1959 годзе. Ў 2001 годзе таксама аднавілі старыя яўрэскія могілкі, на якіх ёсць шмат цікавых каменных помнікаў з выявай фантастычных звяроў і птушак.
У Друі мы правялі ўсяго некалькі гадзін, а уражанняў набраліся, як быццам тыдзень падарожнічалі. Тут можна адчуць дух даўніх эпох, адчуць пах гісторыі, славу, гады войнаў, незвычайных пераменаў і спусташэння. І, галоўнае, усё гэта захавалася ў межах цэлага мястэчка, практычна не тронутый урбанізацыяй. Вядома, шмат у чым атмасфернасці Друі спрыяе і прырода.
Ілля Вашкель

685