У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава выцінанкі

Чарговы раз браслаўчан здзівіў і парадаваў музей традыцыйнай культуры. На мінулых выхадных у яго выставачнай зале прэзентавалі выставу выцінанкі “Папяровы мост сяброўства”. Такую цікавую назву яна мае, бо ў ёй прынялі ўдзел два аўтары з Беларусі і Літвы, якіх аб’яднала адзінае творчае захапленне, - Алена Шаліма і Лаймутэ Федасеева.
Алену Іванаўну браслаўчане ўжо ведаюць, як таленавітага фатографа і майстра па роспісе на шкле. Хоць жанчына па прафесіі радыёінжынер, і нават сама прызнаецца ў сваіх схільнасцях да тэхнічных навук, але ў душы яна ўсё ж мастачка. Яна вельмі любіць і адчувае прыроду, цікавіцца гісторыяй, культурай, архітэктурай, з дзяцінства малюе, распісвае кераміку і шкло, а таксама знайшла сябе ў фотаклубе “Мінск”. Усе гэтыя разнастайныя ўменні арганічна спляліся ў такім відзе народнага мастацтва, як выцінанка. Творчыя пошукі аўтара вельмі рознабаковыя, але найбольш выразнымі і запамінальнымі з’яўляюцца тэмы дойлідства і міфалогіі. Так, шэсць гадоў таму ў музеі была выстава выцінанкі Алены “Мары здзяйсняюцца”, у 2010 выстава здымкаў “Згадкі пра каранацыю”, а ў 2011 – сумесная з былым амерыканскім дыпламатам Джонам Кунстандтэрам фотавыстава “Святло як мера веры”.

Ужо некалькі гадоў А.Шаліма з'яўляецца членам Саюза майстроў, распрацоўвае тэму рушнікоў у выцінанцы і неаднаразова выстаўляла свае працы ў Беларусі і Літве.

Літоўка Лаймутэ Федасеева, якая родам з Калінінграда, доўгі час працавала на прадпрыемстве “Тульпе” вышывальшчыцай. З 1981 года, пасля заканчэння Шаўляйскага ўніверсітэта, жыве ў Вільнюсе і працуе выкладчыкам у міжнароднай вышэйшай школе права і бізнэса. Нягледзячы на такую працу, жанчына таксама вельмі любіць ствараць рукамі. З самага дзяцінства дзяўчыну суправаджала народная творчасць – маці вышывала, бабуля вязала, а цётка ткала. Сама ж яна найбольш паглыбілася ў цудоўны свет народнага мастацтва ў інстытуце, даследуючы фальклор. Праблема асіміляцыі і захавання культур заўжды яе хвалявала. Не знікнуць, а захаваць свае карані – гэта вельмі істотная на цяперашні дзень задача. Менавіта таму на выставе яна прадставіла работы на тэму “Дрэва жыцця”.

Прыемна, што акрамя займальнага расповяду пра аўтараў, для браслаўскіх дзетак супрацоўнікі музея правялі і майстар-клас па вырабе традыцыйных сюжэтных выцінанак. Было цікава назіраць, як малыя ствараюць свае першыя папяровыя шэдэўры, і думаць, што для кагосьці гэтыя першыя парасткі імкнення да народнай творчасці калісьці паўстануць вялізным дрэвам жыцця.

288