У браслаўским краязнаўчым музеі прыгадалі, як святкаваўся Новы год у СССР

Дзякуючы энтузіазму і энергіі супрацоўнікаў краязнаўчага музея, браслаўчане ўвесь час знаёмяцца з мінуўшчынай роднага края. Шэраг цікавых выставаў з архіўнымі фотаздымкамі і старымі рэчамі з фондаў музея, займальныя экскурсіі па сталай экспазіцыі, выданне краязнаўчага часопіса “Павет”, наладжванне сувязей з калегамі з іншых рэгіёнаў – толькі частка таго, чым займаюцца яго работнікі.
А нядаўна музей расчыніў свае дзверы для тых, хто пажадаў успомніць, як святкаваўся новы год у СССР, чым людзі ўпрыгожвалі свой дом і елку ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, што гатавалі на святочны стол, якія паштоўкі дасылалі сваякам і сябрам. Навуковыя супрацоўнікі падрыхтавалі для наведвальнікаў куток, у якім пастараліся перадаць атмасферу сустрэчы новага году ў кватэры савецкага грамадзяніна. Старыя елачныя цацкі, ёлка, упрыгожаная пяціканцовай зоркай, стол з традыцыйнымі шампанскім, мандарынамі і аліўе, зробленыя сваімі рукамі дзіцячыя навагоднія касцюмы і маскі, дзед Мароз са Снягуркай і падарункі пад ёлкай, музыка з вінілавых пластынак стваралі ўражанне таго, быццам вы трапілі ў савецкі час.

На выставе-інсталяцыі прадстаўлены больш за 30 паштовак віншавальных паштовак таго часу, старыя фотаздымкі з ранішнікаў 60-70х гадоў, тэлеграмы і рарытэтныя цацкі. Варта сказаць, што забаўляльную праграму супрацоўнікі музея падрыхтавалі вельмі насычаную. З дапамогай мультымедыя-сродкаў яны пратранслявалі запіс “Блакітнага аганька” 1962 года, правялі займальную віктарыну і майстар-клас па вырабе ёлачных цацак. Кожны жадаючы мог даслаць сваім родным паштоўкі “з мінулага”, а прыемным музычным падарункам парадавалі гледачоў госці з Мінску і браслаўскі музыкант Руслан Лабуць, якія праспявалі некалькі песняў пад гітару.

270