У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава жывапісу Т. Баркоўскага

На гэты раз музей парадаваў аматараў жывапісу, падрыхтаваўшы выставу твораў аднаго з самых вядомых мастакоў нашага краю Тэафана Баркоўскага. На ёй прадстаўлена 65 карцін, 19 з якіх аддадзены мастаком у фонды музея ў дар.
Адкрыццё выставы прайшло ў форме інтэрв’ю з творцам, а паралельна супрацоўнікі музея Наталля Парахневіч і Ілля Вашкель паказвалі архіўныя фотаздымкі, якія закраналі розныя перыяды жыцця і творчасці Т.Баркоўскага.

Тэафан быў адзіным сынам у сям’і, якая спачатку жыла ў Муражах, а потым пераехала ў раён турбазы, бо бацька будучага мастака працаваў у рыбгасе і яму там далі жыллё, каб было зручней дабірацца да працы. Таленавітага хлопца заўважылі яшчэ тады, калі ён вучыўся ў школе. І хоць часам ён не паспяваў рабіць хатнія заданні, але ўжо ў 5 класе ў тагачасным доме піянераў (цяпер цэнтр дзяцей і моладзі) адбылася яго выстава. Сваім першым настаўнікам мужчына назваў Паўла Туманоўскага, які навучыў яго пісаць маслам і ствараць розныя замалёўкі. А калі Тэафан вучыўся ў 7 класе, адбыўся цікавы выпадак. Хлопец даслаў дакументы і свае малюнкі на завочнае аддзяленне ў Маскоўскі ўніверсітэт. І яго прынялі! За паўгода ён скончыў першы курс, а астатнія чатыры мастак кожны месяц дасылаў каля 30 прац маслам і свае замалёўкі, а ўзамен атрымліваў іншыя для разбору і накаплення вопыта.

Потым была вучоба на мастацка-графічным факультэце Віцебскага ўніверсітэта, дзе ўжо пры паступленні ў Т.Баркоўскага з сабой была цэлая валізка прац, на якую прыходзілі падзівіцца нават студэнты старэйшых курсаў. Запамінальным момантам для творцы стала педагагічная практыка ў Слабодцы. Затым яму давялося папрацаваць мастаком-афарміцелем, а з 1983 года ён ужо настаўнічаў у Барунскай школе. Гэты перыяд займае вялікі адрэзак жыцця Тэафана Баркоўскага – цэлых 17 гадоў ён вучыў дзяцей маляваць, паглыбляў іх у свет мастацтва. Цікава, што кожнаму школьніку мужчына зрабіў уласныя мальберты, каб хоць часова яны маглі адчуць сябе сапраўднымі мастакамі.

А яшчэ мужчына вядомы сярод сяброў як добры рыбак, які ў канцы 80-х нават трапіў у кнігу рэкордаў Гінэса за тое, што злавіў на той час самага вялікага ліня.

У адкрыцці выставы прыняла ўдзел і былы дырэктар краязнаўчага музея Галіна Падалян, якая расказала, што Тэафан быў першым прэзідэнтам клуба мастакоў і народных майстроў “Ля возера” у 1989 годзе. На той час ён часта арганізоўваў пленэры, запрашаў мастакоў з іншых гарадоў, ладзіў разнастайныя мерапрыемствы. Дарэчы, выставы самога Баркоўскага праводзяцца ў музеі двойчы на год. А яго карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях аматараў жывапісу Беларусі і замежных краін. У асноўным Тэафан малюе краявіды Браслаўшчыны, прыроду, і бачна, што ён яе вельмі любіць, бо настолькі прафесійна перадае сваё пачуццё на карцінах. Шчыра кажучы, ад яго твораў нельга адарвацца. “Вераснёўскія прыцемкі”, “Возера Цно”, “Вясна на гарадзішчы Маскавічы”, “Азёрны падарунак”, “Навальніца” і іншыя палотны такія атмасферныя, што надоўга занатоўваюцца ў сэрцы гледача.

159