У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры заззялі калядныя ўзоры!

Выстава “Калядныя ўзоры”, якая штогод ладзіцца ў музеі традыцыйнай культуры, нездарма лічыцца адной з самых цікавых і багатых. Тут майстры і мастакі народнага клуба “Ля возера” дзеляцца сваімі набыткамі за год, а мясцовыя жыхары маюць магчымасць пазнаёміцца з майстрамі ўжывую. Сёлета ж адкрыццё каляднай выставы супала са святкаваннем 25-годдзя клуба, таму настрой ува ўсіх, хто завітаў у музей, быў вельмі ўрачыстым.

Але, як расказала яго цяперашні кіраўнік Наталля Парахневіч, карані клуба пачынаюцца аж з канца 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта тады з’явілася ідэя аб’яднаць творчых людзей раёна. Таму ў 1980 годзе пры Доме культуры арганізавалі студыю, у якой аб’ядналіся 14 мастакоў. Сярод іх былі і добра вядомыя браслаўчанам імёны Яна Рыдзікі, Тэафана Баркоўскага, Аліны Трукан, Пятра Шукяля.
Час ішоў, мастакі ладзілі шматлікія выставы. У 1986 годзе клуб стаў працаваць пры гісторыка-краязнаўчым музеі. Яго тагачасны дырэктар Галіна Падалян расказала, што аднойчы з’явіўся план не проста праводзіць выставы раённага ўзроўню, але нарэшце дабіцца звання народнага клуба, атрымаць афіцыйны статус для таго, каб можна было выязджаць на розныя фестывалі. У 1989 годзе гэта ажыццявілася. З таго часу браслаўчане прымалі ўдзел у пастаўскім фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік”, у віцебскім “Славянскім базары”, на рэспубліканскіх Дажынках, а таксама на кірмашах рамёстваў у Смаленску, Даўгапілсе і іншых гарадах.

Пасля невялікага экскурсу ў гісторыю аб’яднання прыемным сюрпрызам для прысутных стала выступленне навучэнцаў СШ №2 пад кіраўніцтвам Аксаны Дзярук. Дзеці праспявалі прыгожыя калядныя песні, пажадалі ўсім міру і дабра. На працягу мерапрыемства працавала і бяспройгрышная латарэя, у якой можна было выйграць смачную ручную выпечку.

Далей Наталля Парахневіч пачала знаёміць наведвальнікаў з майстрамі, якіх на сённяшні дзень налічваецца аж 62. Вядома, усім на выставу прыйсці не атрымалася, таму кіраўнік клуба называла імёны толькі некаторых з іх, а тыя, хто прысутнічаў, выходзілі ў сярэдзіну залы. І гледачы пазнаёміліся з мастакамі, майстрамі па саломапляценні, ганчарстве, ткацтве, ласкутным шыцці. Творчыя людзі падарылі ў фонды музейнага аб’яднання свае лепшыя творы.

Ужо традыцыйна падчас адкрыцця выставы праходзіць конкурс святочных кампазіцый і вянкоў “Калядкі ў кожнай хатцы”. Кожны, хто завітаў на выставу, мог прагаласаваць за працу, што найбольш спадабалася. А пазней супрацоўнік музея Ларыса Дарафейчык абвясціла вынікі. Першае месца ў конкурсе заняла Наталля Ліннік, другое прысудзілі Вользе Лакотцы, а трэцяе атрымала Жанна Міхновіч.

Шчыра кажучы, колькасць “экспанатаў” на выставе ўражвае. Тут вы пабачыце коўдры з лапікаў, тканыя пано, вышытыя карціны, разьбу па дрэве, керамічныя фігуры і посуд, вязаныя дываны і рукавіцы, аб’ёмныя кампазіцыі з саломкі, працы з бісеру і яшчэ шмат чаго цікавага. Асобным сюрпрызам для наведвальнікаў стаў майстар-клас па дэкупажы і дэкарыраванні. Гледачы пабачылі, як са звычайных сурвэтак можна стварыць прыгожыя карціны.

У канцы мерапрыемства дырэктар музейнага аб’яднання Надзея Дударонак павіншавала ўсіх з надыходзячымі Калядамі, пажадала майстрам рэалізацыі новых ідэй, арганізацыі цікавых выстаў, а наведвальнікам параіла далучацца да свету творчасці.

505