У музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава жывапісу, прысвечаная Язэпу Драздовічу

Музейнае аб’яднанне працягвае цешыць аматараў жывапісу, краязнаўства, этнаграфіі і рамесніцкай дзейнасці. У сацыяльных сетках, звязаных з Браславам, нехта нават трапна заўважыў, што ў апошні час яно стала ледзь не самым вірлівым у плане культурных падзей, што адбываюцца ў нашым горадзе. На снежань у музеях запланаваны дзве новыя выставы, і, бадай, самая цікавая справаздачная –“Калядныя ўзоры”, - на якой рамеснікі падзеляцца сваімі дасягненнямі. А нядаўна ў музеі традыцыйнай культуры адкрылі выставу, прысвечаную славутаму беларускаму дзеячу Язэпу Драздовічу.

Хто ніколі не чуў гэтае прозвішча – вельмі шмат страціў. Бо постаць мужчыны ў культурным жыцці нашай краіны, асабліва ў 20-30-х гадах мінулага стагоддзя, надзвычай істотная. Язэп Нарцызавіч вядомы як скульптар, этнограф, археолаг, астраном, педагог, а перадусім мастак.
На адкрыцці мерапрыемства для ўсіх прысутных паказалі цудоўны фільм, створаны да 125-гадовага юбілея вялікага мастака. Потым загадчыца музея Элеанора Зінкевіч пазнаёміла ўсіх з Адай Эльеўнай, коратка расказала пра яе творчую дзейнасць, а дырэктар музейнага аб’яднання Надзея Дударонак падзякавала жанчыне за тое, што яна сваёй актыўнасцю дае цудоўны прыклад моладзі, і заслугоўвае вялікай пашаны.

Ада Райчонак расказала пра асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, які быў створаны ў 1995 годзе (жанчына з’яўляецца яго старшынёй). З таго часу было праведзена ўжо 22 плэнеры, прысвечаных культурным дзеячам Беларусі. Праз іх прайшлі больш за 300 мастакоў! Згадала яна і пра тое, як ушаноўваюць памяць вялікага творцы ў Беларусі. Імя Драздовіча носяць вуліцы Оршы, Мінска, Маладзечна, Радашковічаў, Глыбокага, Германавічаў, а ў сталіцы стаіць помнік, прысвечаны 100-годдзю мастака. Як зазначыла Ада Эльеўна, вельмі важна, што мастака не забываюць, і ў яго ёсць столькі творчых нашчадкаў – мары Драздовіча здзейсніліся.

502