100 гадоў таму на Браслаўшчыне пачалася Першая сусветная вайна

Сёння шмат увагі надаецца самай значнай Перамозе — 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне. Але мала хто ўзгадвае, што сто гадоў таму назад пачалася Першая сусветная вайна.
Баявыя дзеянні на Браслаўшчыне пачаліся ў 1915 годзе. Да гэтай пары многія не ўяўляюць, наколькі драматычнымі былі наступствы гэтай вайны для Браслаўшчыны.

З восені 1915 г. да 1918 г. рэгіён падзяляла лінія фронту паміж расійскімі і германскімі войскамі. Першая сусветная вайна — гэта велізарныя разбурэнні ў прыфрантавой зоне, больш за сотню расійскіх і нямецкіх вайсковых пахаванняў, тысячы перасяленцаў і ўцекачоў, многія з якіх не вярнуліся ў родныя мясціны, амаль знішчаная эканоміка краю, эвакуацыя маёмасці ў глыбіню імперыі, з якой амаль нічога не вярнулася назад, тысячы землякоў, мабілізаваных у расійскае войска, страты сярод якіх ніхто яшчэ не падлічыў, высечаныя лясы, знішчаная жыўнасць, перарытыя акопамі, бліндажамі і іншымі ваеннымі збудаваннямі палеткі.
Тысячы архіўных спраў у Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі, Расіі, Германіі чакаюць сваіх даследчыкаў. Шмат матэрыялаў даюць і краязнаўчыя пошукі на Браслаўшчыне. Акрамя музея, гэтым напрамкам найбольш актыўна займаюцца краязнаўцы Дрысвяцкай, Грытунскай, Відзаўскай школ нашага раёна.

Прыўзняць заслону над малавядомай старонкай гісторыі Браслаўшчыны дазваляюць матэрыялы архіваў, у першую чаргу Расійскага Дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва ў Маскве, дзе захоўваюцца дакументы армейскіх фарміраванняў, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях на тэрыторыі раёна. Нагадаем, што больш жорсткія баі разгарнуліся ў наваколлях азёр Дрысвяты, Аболе, Богінскае, каля мястэчка Казяны і Відзы. Архіўныя пошукі стваральнікаў кнігі “Памяць” Браслаўскага раёна Кастуся Шыдлоўскага і Аляксандра Панцялейкі дапамаглі выявіць велізарныя па аб’ёме матэрыялы. Краязнаўчыя звесткі па гэтай тэме мэтанакіравана збіраў краязнавец настаўнік Сяргей Адамовіч.
У фондах і экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея знаходзіцца шмат экспанатаў часоў Першай сусветнай вайны: рэшткі зброі і ваенных збудаванняў, дакументы і фотаздымкі, лісты і паштоўкі. Большую частку з іх музею перадалі гісторыкі-калекцыянеры Пётр Агейчык і Мікола Паўловіч.

У гэтым годзе споўнілася 100 год відзаўскаму касцёлу. Ён быў пабудаваны перад пачаткам Першай сусветнай вайны. Яго вежы немцы выкарыстоўвалі ў якасці назіральнага пункта і кулямётнай пазіцыі. Велічны мураваны касцёл значна пацярпеў ад абстрэлаў рускай артылерыі. У фондах захоўваецца шмат фотаздымкаў з відам разбуранага касцёла. Таксама маецца друкаваная нямецкая паштоўка са здымкам вуліцы ў Відзах і сілуэтам касцёла на заднім плане. Друкаваны нямецкі тэкст: “Відзы. Разбураная рускімі царква.” Паштоўка была адпраўлена з Відзаў ў Берлін 10 снежня 1916 года.

Тэрыторыя Браслаўшчыны даволі працяглы час была не толькі плацдармам баявых дзеянняў, але і прыфрантавым рэгіёнам, насычаным рэзервовымі часцямі, шпіталямі і тылавымі ўстановамі. За некалькі гадоў вайсковымі часцямі былі створаны цэлыя сістэмы ўмацаванняў — акопы, доты, бліндажы, пады калючага дроту, рэшткі якіх можна ўбачыць на мясцовасці і зараз. Спецыяльна для патрэб фронту была пабудавана вузкакалейная чыгунка Друя — Браслаў — Опса — Дрысвяты. Шматлікія штабы вайсковых часцей, медыцынскія, санітарныя ўстановы размяшчаліся ў Браславе, Опсе, Пеліканах, Казянах. У Друі знаходзіўся пастаянны 5-тысячны гарнізон, батальёны па абслугоўванні чыгункі, базы франтавых часцей, шпіталі, санітарны цягнік.

Шмат на Браслаўшчыне месц пахавання салдат расійскай арміі. Яны ёсць у Браславе, Плятарове, Казянах, Мурмішках, Юцішлах, Анісімавічах, Богіна, Дрысвятах і многіх іншых месцах раёна. У інтэр’еры Богінскай царквы захаваліся мармуровыя пліты ў гонар загінулых воінаў Разанскага, Рыжскага, Белеўскага, Тульскага пяхотных палкоў, 18-ай артылерыйскай брыгады. На плітах адзначаны прозвішчы афіцэраў і колькасць загінулых ніжніх чыноў. Іх агульная колькасць перавышае 700 чалавек.

Цяпер жа важна ўсвядоміць, што ўмацаванні і воінскія пахаванні Першай сусветнай вайны з’яўляюцца гістарычнымі помнікамі, і пастарацца зберагчы іх.
Праз стагоддзе пасля ваенных падзей беларускае грамадства і дзяржава звяртаюць увагу на іх значэнне ў гісторыі краіны. У гарадах і мястэчках ладзяцца памятныя мерапрыемствы міжнароднага значэння: ствараюцца музеі, мемарыяльныя комплексы, праводзяцца навуковыя канферэнцыі і выставы. Першая сусветная вайна — глабальная падзея, якая ўключае гісторыю Браслаўшчыны ў кантэкст сусветнай гісторыі. Яе вывучэнне дапамагае лепшаму разуменню асаблівасцей нашага памежнага краю і яго сувязі з іншымі рэгіёнамі краіны і свету.

Навуковы супрацоўнік Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея прымаў сёлета ўдзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце па гэтай тэматыцы і навукова-практычнай канферэнцыі “Музейныя чытанні”. Дарэчы, матэрыялы гэтай канферэнцыі можна знайсці ў інтэрнэце ў афіцыйнай суполцы “Музеі Браслава”: vk.com/muzei_braslava.

У лістападзе прадстаўнікі ўстановы культуры выступалі на міжнароднай канферэнцыі “Першая сусветная вайна (1914-1918): рэгіянальны аспект” у латвійскім мястэчку Наўене. Дырэктар Браслаўскага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак звярнулася да ўдзельнікаў канферэнцыі з прывітальным словам, а навуковы супрацоўнік Ілля Вашкель выступіў з дакладам “Дзённікавыя запісы Сямёна Трушаніна, як крыніца па гісторыі Першай сусветнай вайны”. Было адзначана шмат агульнага паміж Наўенскім і Браслаўскім рэгіёнамі, таму што на нашых землях таксама стваралася менавіта сусветная гісторыя.

Ілля Вашкель,
навуковы супрацоўнік
аб’яднання музеяў

573