Кіраўніка клуба народных майстроў "Ля возера" Наталлю Парахневіч прызналі лепшым супрацоўнікам культуры за мінулы год

Дырэктар музейнага аб'яднання Надзея Дударонак і загадчыца музея традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч вельмі цёпла адгукаюцца пра Наталлю. За 12 гадоў працы жанчына здолела пакарыць калег душэўнай дабрынёй, спагадлівасцю, здольнасцю арганізаваць творчы працэс. Яна стварае сапраўдныя шэдэўры ў галіне ткацтва і вышыўкі. Чаго вартая, напрыклад, яе апошняя выстава «Колеры натхнення», якая зараз экспануецца ў Латвіі.

Але найбольш істотнай варта назваць дзейнасць Наталлі як кіраўніцы клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў «Ля возера». Для 62 чалавек рознага ўзросту і прафесій, якія працуюць у такіх тэхніках, як ткацтва, вязанне, пляценне з лазы, фларыстыка, разьба па дрэве і іншых, яна стварыла цудоўную сяброўскую атмасферу. Члены клуба заўжды актыўна ўдзельнічаюць у выставах, кірмашах рамёстваў, дзеляцца ўласнымі набыткамі з усімі, хто цікавіцца мастацтвам, і галоўнае – увесь час растуць у творчым плане. Для гэтага Наталля перыядычна ладзіць пасяджэнні клуба, дзе сябры разам абмяркоўваюць праблемы захавання традыцыйных рамёстваў Браслаўшчыны, плануюць удзел у выставах і мерапрыемствах рознага ўзроўню.

Традыцыйнымі сталі выставы мастакоў нашага краю «Браслаўская палітра» і самая вядомая «Калядныя ўзоры», а раз у квартал Наталля дапамагае арганізаваць персанальныя выставы майстроў. Яна заўсёды запрашае членаў клуба і да ўдзелу ў абласных фестывалях-кірмашах.

Зрэшты, каб не пералічваць усе дасягненні гэтай прыгожай жанчыны (а іх вельмі шмат), скажу, што не ў кожнага атрымліваецца знаходзіць кантакт з людзьмі розных інтарэсаў і дасканала аказваць ім дапамогу. А Наталля ўмее гэта выдатна, таму і паважаюць яе, выказваюць удзячнасць за добразычлівасць і нязгасны творчы імпэт.

179