"Каляндар Перамогі" - хроніка вызвалення Браслаўшчыны.

Да 70-годдзя Перамогі запускаем новую рубрыку "Каляндар Перамогі", у якой раз на тыдзень будзем публікаваць храналогію вызвалення Браслаўшчыны ад акупацыйных войскаў.

Вызваленне тэрыторыі Браслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалося ў першыя дні ліпеня 1944 г. у выніку правядзення Шаўляйскай наступальнай аперацыі. 5 ліпеня пачаўся другі этап Беларускай наступальнай аперацыі “Баграціён”. Пасля вызвалення Полацка войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту імкліва рухаліся на захад і дзейнічалі на стыку двух моцных груповак нямецкіх армій “Поўнач” і “Цэнтр”. Яны ізалявалі іх адна за адной і выключылі магчымыя ўдары групы армій “Поўнач” па флангах і тылу савецкіх войск.
У склад фронту ўваходзіла 6-я гвардзейская армія, часці якой непасрэдна вызвалялі Браслаўшчыну. У перыяд з 29 чэрвеня па 4 ліпеня галоўныя сілы 6 гвардзейскай арміі (гв.А) прасунуліся на 120-130 км і выйшлі на рубеж Мёры- паўднёвы бераг воз.Дрысвяты-м.Опса-паўночныя берагі азёр Богіна і Нарач. Перад войскамі арміі адкрылася магчымасць без апреатыўнай паўзы і падрыхтоўкі працягваць наступленне. Ва ўлік не бралася расцягнутасць паласы наступлення, слабая разведанасць сіл праціўніка і матэрыяльнае забяспячэнне.
Адной з мэт наступлення з’яўлялася хутчэйшае авалоданне важным стратэгічным пунктам Дзвінск (сучасны Даўгаўпілс). Планавалася нанесці імклівыя ўдары па некалькіх напрамках, абкружыць і разбіць магутны вузел абароны – Дзвінск. Накірункі ўдараў планаваліся наступным чынам: захапіць населеныя пункты Відзы і Дрысвяты і наступаць наперарэз чыгункі Дзвінск – Вільня на Дукштас; другі ўдар скіраваць на прарыў Міжазёрнага дэфіле Дрысвяты – Рычы на н.п. Турмантас і Зарасай; яшчэ адзін удар накіраваць на разгром умацаванняў паміж азёрамі Бужа – Струста – Снуды з выхадам на рубеж Бароўка – Дзвінск. Рашучыя ўдары планаваліся нанесці па Друі і Краславе з мэтай катнролю абодвух берагоў р. Заходняя Дзвіна. Выкананне гэтых задач дазваляла імкліва падыйсці да Дзвінска з некалькіх бакоў.
Друкуецца па кнізе “Памяць”

472