Выстава фларыстыкі і вышыўкі адкрылася ў браслаўскім музеі

Музей традыцыйнай культуры зноў здзіўляе браслаўчан і гасцей горада. Ва ўстанове не паспелі адкрыць адну выставу, як праз пару тыдняў ужо прэзентавалі новую. На гэты раз у сценах музея наведвальнікі пазнаёміліся з цудоўным майстрам Людмілай Швед. Жанчына ўжо некалькі гадоў займаецца фларыстыкай і вышыўкай, мае шчыльны графік выстаў па ўсёй Беларусі, але знайшла час, каб завітаць і да нас.
І нездарма, бо з Браслаўшчынай у яе звязаны самыя цёплыя ўспаміны, а ў раённай бальніцы працуе родны сын. Наогул Людміла нарадзілася ў Хабараўску, але з-за таго, што муж працуе ваенным, давялося шмат павандраваць. Сям'я ў камандзіроўках аб'ездзіла некалькі рэгіёнаў Расіі, Украіны, Беларусі і нават пабывала ў Алжыры. Дзякуючы гэтаму ў майстра накапілася шмат уражанняў ад падарожжаў, наведаных мясцін, вялікай колькасці знаёмстваў, якія прагнулі адлюстравацца ў творчай дзейнасці.

У Віцебску Людміла адкрыла для сябе свет фларыстыкі, і гэта настолькі яе захапіла, што па сённяшні дзень не можа спыніцца. І больш за тое перадае свой вопыт дзецям, кіруючы школьным гуртком “Фларыстыка” у СШ№45. Майстар заўжды расце ў творчым плане, удзельнічае ў міжнародных праектах, майстар-класах, курсах. А лік выстаў, на якіх яна прадстаўляла свае працы ідзе ўжо даўно на дзясяткі. Геаграфія прэзентаваных прац сягае ад Полацку, Віцебска, Смаленску да Смаленска і Масквы, таму нездарма Л.Швед ў лютым 2013 года прынялі членам міжнароднай асацыяцыі фітакалажыстаў “Фларыссіма”.

На выставе Людміла расказала пра свой творчы шлях, запланаваныя мерапрыемствы, і шчыра кажучы, вельмі ўразіла ўсіх сваёй энэргічнасцю, жыццялюбствам. А яе спадарожніца, таксама Людміла, з якой яны сябруюць ужо 30 гадоў, праспявала наведвальнікам некалькі цудоўных песень.

Не будзем расказваць пра ўсе творы, прадстаўленыя на выставе, але падзелімся з чытачамі уражаннямі. Экспазіцыю варта наведаць кожнаму, хто любіць мастацтва, бо карціны, створаныя з драбнюткіх кавалачкаў раслін, кветак, пяску радуюць вока, і здзіўляюць сваёй увагай да колераў і кампазіцыі. Тут вы ўбачыце сурвэткі, вышываныя творы, і нават чароўна аздобленыя іконы, а таксама макрафотаздымкі. У канцы мерапрыемства Людміла правяла для ўсіх жадаючых невялікі майстар-клас, адказала на пытанні і падзякавала за такі цёплы прыём.

456