"Каляндар Перамогі" Трагедыя вёскі Стайкі

Браслаўшчына. Каляндар Перамогі.
З успамінаў Лізаветы Ігнатаўны Бутар.22 лістапада вёску сталі акружаць немцы. Яны ж праводзілі аблаву ў лесе, бо чулася страляніна здалёку. Было каля 10 гадзін раніцы, мы сядзелі ў хаце. Толькі што вярнуліся з лесу мужчыны, не паспелі пераапрануцца, як з’явіліся немцы. Мы сталі выскокваць з хаты. Дзевер мой так і пабег – адна нага ў боце, мабыць, не паспеў скінуць. Я схапіла за рукі нашых дзяцей – прыёмных сыноў Валодзю і Фелікса і падалася ўздоўж хаты праз агарод да хмызняку. Далей не пабеглі, бо маглі натыкнуцца на немцаў, схаваліся ў гушчары. Мы былі не адны, побач хавалася некалькі чалавек з вёскі. Сядзелі вельмі ціха, хаця пакутвалі, асабліва дзеці, ад холаду, з хаты ж выскачылі з чым хто быў. Гадзін каля трох пачуліся кулямётныя чэргі і амаль адразу ў чатырох месцах успыхнула полымя. Стала зразумела, што трэба некуды ісці. Пабрылі па лесе. Аднаго з хлопчыкаў па чарзе несла на плячах, хаця была цяжарная. Наперад гналі страх і адчай. Як сцямнела, страляніна заціхла, толькі недзе ўбаку пад лесам раз-пораз узляталі ракеты. Выйшлі да стагоў сена і тут зрабілі сабе прытулак. Хлопчыкі мае ўвесь час трымаліся, хаця б раз заплакалі. Толькі аднойчы ціхенька ўзгадалі: “Хаця б якую скібачку хлеба з сабой узялі”.
Друкуецца па кнізе “Памяць”

155