"Каляндар Перамогі" СУВЯЗНАЯ ПАРТЫЗАНСКАЙ БРЫГАДЫ - ВОЛЬГА МАКСІМОВІЧ

Першае, што зрабіла Оля Максімовіч, калі прыйшлі нямецка-фашысцкія захопнікі, - разам з іншымі сябрамі схавала сцяг піянерскай дружыны Замошскай школы, у якой яна вучылася да вайны. Як і многія жыхары, Оля дапамагала трапіўшым у акружэнне вайскоўцам, прыносіла ім ежу, двойчы хавала іх ад праследванняў у хаце сваёй бабулі.

У 1942 годзе Вольга ўстанавіла сувязь з разведчыкамі партызанскай брыгады “За Радзіму”, дасціпна выконвала ўсе даручэнні. Неаднаразова накіроўвалася ў Браслаў за медыкаментамі, дастаўляла лістоўкі ў Шаркаўшчыну, Опсу, Слабодку і з дапамогай падпольшчыкаў распаўсюджвала іх сярод насельніцтва. Гэта была вельмі небяспечная праца: у любы момант фашысты маглі прыпыніць яе і абшукаць, што нясе. Аднак юнай патрыётцы ўдавалася паспяхова выконваць заданні.

У канцы верасня 1943 года Оля з важным даручэннем накіравалася ў вёску Слабодка, дзе размяшчаўся фашысцкі гарнізон. Збіраючыся ў шлях, яна ўзяла з сабой піянерскі гальштук. Выканаўшы заданне, Оля вярталася назад, але была схоплена. Немцы дапытвалі юную разведчыцу, патрабавалі, каб яна расказала, дзе знаходзяцца партызаны, аднак дзяўчына нічога не сказала. Тады акупанты вырашылі яе растраляць. Да месца казні прыгналі мясцовых жыхароў. Стоячы на краю ямы, Оля выхапіла свой гальштук і крыкнула:
-Мяне вы можаце забіць, а гальштук…
Аўтаматная чарга перарвала Олю Максімовіч. Так загінула адважная
піянерка, імя якой занесена ў спісы ганаровых байцоў батальёна беларускіх арлянят.

Друкуецца па кнізе "Памяць"

227