Памяці слаўнага лекара Станіслава Нарбута

У сакавіку гэтага года споўнілася 90 год з дня смерці Станіслава Нарбута, а восенню будзе адзначацца 110 год, як пабудавана лячэбніца па вул. 3 Траўня, на той час адна з лепшых на Віленшчыне.

Станіслаў Тэадоравіч Нарбут нарадзіўся ў каталіцкай сям’і 4 мая 1853 года ў мястэчку Шаўры, што на Гродзеншчыне. Нарбуты паходзяць са старадаўняга літоўска-беларускага шляхецкага роду. Бацька Тэадор Нарбут і маці Хрысціна мелі 11 дзяцей, трое з якіх памерлі ў маленстве. Станіслаў нарадзіўся апошнім, калі маці было 50 гадоў, а бацьку — 68.

У Браслаў С. Нарбут прыехаў у 1882 г. пасля заканчэння Віленскай гімназіі і медыцынскага факультэта Мюнхенскага ўніверсітэта і назаўсёды парадніўся з горадам. Яму палюбіўся наш цудоўны азёрны край, яго добразычлівыя жыхары, Але галоўнае, што тут лекар востра адчуваў патрэбу мясцовага насельніцтва ва ўрачэбнай дапамозе.

З цягам часу, дзякуючы актыўнай дзейнасці гэтага ўрача, у 1906 г. у Браславе адкрылася земская лячэбніца. Пад яго кіраўніцтвам заснавалі добраахвотнае таварыства пажарнай аховы. Абуджаў С. Нарбут і культурнае жыццё краю. Ён стварыў народны тэатр і таварыства цвярозасці, выдаваў газету “Дух Браслава”.

Памёр Станіслаў Тэадоравіч 11 сакавіка 1926 г. і быў пахаваны на Замкавай гары. На ахвяраванні былых пацыентаў на магіле ўрача ўзвялі помнік-маяк з ліхтаром на шпілі, што сімвалізуе клятву Гіпакрата “Свецячы іншым, згараю сам”.

Толькі не заўсёды ён быў надмагільным помнікам. Памятная дошка з надпісам на польскай мове “Памяці Станіслава Осцік Нарбута, тут спачываючага. Жыхары Браслаўскага павета. 1853-1926”, якая ўпрыгожвала абеліск, у пасляваенныя гады была знішчана. З надыходам савецкай улады вяліся чуткі, што лекар быў дваранінам, а значыць, прыгнятальнікам. Таму была спроба змясціць на гэтым месцы шыльду загінулым воінам у гады Вялікай Айчыннай гады.

Напярэдадні святкавання 900-годдзя Браслава, якое адзначалася ў 1965 г., вырашылі скарыстаць помнік у гонар заснавання горада. Замест ліхтара змясцілі постаць старажытнага воіна, зробленага з бляхі. Надпіс на рускай мове гучаў так: “Здесь на Замковой горе в 9 веке был основан город Браслав». Побач з помнікам узвялі танцпляцоўку, скульптуру пакарыцелям космаса, шматлікія атракцыёны… Гэтага дызайну хапіла ненадоўга.

Безыменны помнік стаяў да сярэдзіны 1980-ых гадоў. У гэты час актыўнай частцы браслаўчан удалося пераканаць улады аднавіць справядлівасць у адносінах да помніка на магіле С. Нарбута. Каардынатарам у гэтай справе быў мясцовы музей. Яго супрацоўнікі мелі на той час толькі адзін фотаздымак і сведчанні людзей пра доктара. Але пошук праводзіўся актыўна: у мясцовым друку змяшчалі публікацыі даследчыкаў пра асобу браслаўскага лекара.

У 1989 г. быў атрыманы дазвол на аднаўленне помніка. Мінскі скульптар А. Дранец у 1990 г. зрабіў бронзавую памятную дошку з тэкстам на беларускай мове лацініцай: “Станіслаў Осцік Нарбут. 1853 — 1926. Лекару ад удзячных браслаўчан”. Помнік зноў стаў адным з сімвалаў горада.

Прайшло чвэрць стагоддзя. За гэты час у Браславе з’явілася вуліца імя слаўнага лекара, на тэрыторыі раённай бальніцы ўтульна змясціўся бюст С. Нарбута, у фае бальнічнага корпуса ёсць інфармацыйны стэнд, прысвечаны першай лячэбніцы і таленавітым пераемнікам справы доктара.

У фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў захоўваецца комплекс матэрыялаў пра сям’ю Нарбутаў, які налічвае звыш 400 адзінак. У 2000 г. быў выдадзены гістарычны зборнік “Браслаўскія сшыткі”, які праследжвае лёс народнага доктара. У 2003 г. прайшла навукова-краязнаўчая канферэнцыя, прысвечаная 150-й гадавіне з дня нараджэння Станіслава Нарбута. Малады мастак з Мінска У. Кандрусевіч глыбока пранікся лёсам гэтай сям’і і напісаў пяць карцін, адну з якіх падараваў музею.

У 2004 годзе ў Браслаў прыязджалі нашчадкі С. Нарбута, унучкі Яніна Гелерт (Польшча) і Марыя Заха (Данія), якія наведалі магілу дзеда, прынялі ўдзел у святой імшы і падаравалі музею архіўныя дакументы, фотаздымкі. Яны наведалі былы комплекс лячэбніцы, дзе цяпер знаходзіцца Свята-Панцеляймонаўскі манастыр з капліцай. Жанчыны адзначылі: глыбока сімвалічна, што будынак, дзе раней лячылі цела, будзе служыць надалей для лячэння душы.

Аліна Выжыкоўская,малодшы навуковы супрацоўнік па

фондавай рабоце Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў.

Малюнак У. Кандрусевіча “Станіслаў Нарбут”. 2002г.

596