Майстар-клас па роспісу яек прайшоў напярэдадні Вялікадня

Да Вялікадня практычна кожная сям’я рыхтуе рознакаляровыя яйкі. Па традыцыі іх асвячаюць, імі абменьваюцца і дораць у гонар свята блізкім і сябрам. Апошнім часам у продажы ёсць розныя фарбавальнікі і спецыяльныя ўпрыгожванні, а ў кожнай гаспадыні маюцца свае сакрэты афарбоўкі.

Напярэдадні Вялікадня супрацоўнікі Музея традыцыйнай культуры вырашылі расказаць і паказаць браслаўчанам віды роспісу велікодных яек і правялі адпаведныя майстар-класы. На іх усе жадаючыя маглі даведацца пра віды і традыцыі роспісу, якімі можна карыстацца. Яйкі можна фарбаваць шалупіннем ад цыбулі, сокам раслін, харчовымі фарбавальнікамі. Малюнкі на шкарлупіне можна рабіць з дапамогай нітак, лісткоў раслін, воску і інш. Так, напрыклад, яйкі з рознакаляровымі кропкамі з-за кропелек воску называюць крапанкамі. Драпанка — гэта аднакаляровае яйка з выдрапаным узорам.

Супрацоўнікі музея ўсё дасканала расказалі браслаўчанам, пасля чаго можна было самім упрыгожыць яйка, тым больш, што неабходныя прылады былі падрыхтаваны загадзя.

Майстар-класы прынеслі шмат задавальнення і карысных ведаў усім, хто адклаў у бок сямейныя клопаты і наведаў іх.

Алена Набеева.

440