Дзве стратэгіі: знайсці або “ўтрымаць”

Быць ці не быць: кава-машына або кропка Wi-Fi?
Што такое “музей”? Што ў ім сёння хочуць бачыць наведвальнікі? Чаго ім не хапае, а чаго занадта многа? На ўсе гэтыя і многія іншыя пытанні спрабавалі адказаць удзельнікі міжнароднага дыспуту “Музей і грамадства: кропкі сутыкнення”, які ладзіўся днямі ў Музеі традыцыйнай культуры Браслава.

Лічбы і факты

Па сутнасці, міжнародны фармат любой дыскусіі, у тым ліку і музейнай, заўсёды выклікае цікавасць у журналістаў. Але мяне вельмі прывабіла тое, што падобнае мерапрыемства ладзіць раённы музей, а не сталічны ці абласны. Падобнага ў раёнах сёння, на жаль, днём з агнём не адшукаеш. І гэта наша бяда і гора, бо не так часта, як хацелася б, раённыя музейшчыкі здзіўляюць “журналюг” крэатывам, адметнымі акцыямі і нязвыклымі маркетынгавымі хадамі, як іх калегі ў абласных цэнтрах ці ў Мінску.

Браслаўскія музейшчыкі, як бачна, цяжкасцей не баяцца. І правільна робяць, бо як яшчэ абуджаць цікаваць да сваёй установы? Толькі праз самыя розныя інфармацыйныя нагоды. Толькі так і можна спадзявацца на сталую цікавасць да сваёй ўстановы ды на тое, што ў яе будуць завітваць не выпадкова, а сістэмна.

Пакуль што так і адбываецца. Бо за апошнія тры гады колькасць наведванняў у Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў узрасла прыкладна на 72%: калі ў 2013 установу наведала 24 тысячы чалавек, дык за 2015 — ужо больш за 41 тысячу. Праўда, 70 % з гэтых людзей — турысты, з якімі браслаўскія музейшчыкі сёння актыўна працуюць, асабліва ўлетку: арганізуюць міжнароднае свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”, ладзяць майстар-класы і практыкумы, кірмашы рамёстваў у Музеі традыцыйнай культуры ды многае іншае. Але ж, як кажуць, ніхто нікому не забараняе выкарыстоўваць сваё зручнае ў турыстычным плане “геапалітычнае” становішча. Што, натуральна, браслаўчане і робяць.

Уся іх дзейнасць прыносіць неблагі фінансавы “прыварак”: летась установа культуры выканала план платных паслуг на 109 %, зарабіўшы больш за 156 мільёнаў рублёў. Узрос і продаж сувенірнай прадукцыі: праз сваю музейную краму супрацоўнікамі было атрымана амаль 120 мільёнаў рублёў (гэта 130 % да плана). Усе гэтыя высокія лічбы і паказчыкі натуральным шляхам прывялі да таго, што днямі Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў было прызнана лепшым музеем у вобласці за мінулы год.

50 тысяч: многа ці мала?

Але вярнуся да дыспуту. Ён ладзіўся з удзелам музейшчыкаў Браслава, Мёраў, Полацка, а таксама Краслаўскага гістарычнага і мастацкага музея (Латвія). І пачалося мерапрыемства з відаэапытання, падчас якога супрацоўнікі цікавіліся ў мясцовых жыхароў: калі яны апошні раз былі ў музеі?

Адказы, трэба прызнацца, крыху здзівілі: літаральна пару чалавек казалі пра тое, што завітвалі ў музей на імпрэзу, выставу ці прагляд пастаяннай экспазіцыі. Асноўная маса апытаных здзіўлена паціскала плячыма ці нават не ведала, дзе гэты музей знаходзіцца. І гэта пра ўстанову, якая заваявала першае месца ў вобласці! Праўда, як патлумачыла дырэктар музея Надзея Дударонак, апытанка ладзілася два гады таму, і за гэты час, натуральна, многае магло змяніцца…

А далей пайшлі развагі прысутных пра тое, колькі павінен каштаваць білет у музей (хто казаў пра 50 тысяч, хто марыў пра бясплатнае наведванне), як трэба сябе рэкламаваць (аказалася, большасць даведваецца пра музейныя імпрэзы праз Інтэрнэт або правераным метадам “сарафаннага радыё”), ці патрэбны музею тэхнічныя навінкі (QR-коды, інфакіёскі і гэтак далей), ну і калі спыніцца практыка мэтанакіраванага “вываду” школьнікаў на тыя ж самыя экспазіцыі з году ў год (замест гэтага гучалі прапановы ладзіць цікавыя акцыі, дэманстраваць артэфакты, якіх няма ў іншых музейных установах)… Многія выказваліся за тое, каб музей стаў пляцоўкай для прыватных культурных мерапрыемстваў, што ў ім трэба забяспечыць доступ да Wi-Fi, усталяваць кава-машыну або прадаваць марожанае...

Загадчык Краязнаўчага музея, філіяла Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Ірына Воднева мае свой погляд на тое, якім чынам прыцягваць у музей людзей.

— На маю думку, мы не павінны “ламаць” наведвальніка, паказваючы яму тое, чаго ён не хоча. Варта ісці іншым шляхам: шукаць, што яму цікава. А для гэтага, натуральна, трэба назіраць за сваёй аўдыторыяй, вывучаць яе, у тым ліку — і школьнікаў. Напрыклад, з дапамогай музея можна вывучаць школьны курс “Мая Радзіма — Беларусь”. Мы ў Полацку так і зрабілі, папярэдне прарэкламаваўшы сваю распрацоўку сярод настаўнікаў. І цяпер да нас школьнікі ідуць з цікавасцю і ахвотай.

Як сцвярджае Ірына Воднева, менавіта такім шляхам сёння і варта ісці.

— На шчасце ці на бяду, мы жывём у рынкавых умовах, і той культурны прадукт, які ствараюць музейшчыкі, — экскурсія, выстава, майстар-клас ці штосьці яшчэ — усё гэта трэба спачатку рэкламаваць ды падаваць у прыгожым выглядзе, нібыта цукерку. А ўжо потым — прадаваць. Інакш пакупнік ці, у нашым выпадку, турыст ды наведвальнік у музей не прыйдзе, як яго ні заклікай.

З гэтай думкай пагадзіўся і спецыяліст па рабоце з наведвальнікамі Краслаўскага гістарычнага і мастацкага музея Эдуард Даноўскі:

— Лічу, што музейшчыкам трэба пастаянна зацікаўліваць наведвальнікаў. Не кажу, што супрацоўнік павінен стаць пры гэтым нейкім клоўнам, артыстам, але ж працаваць з аўдыторыяй патрэбна. Скажам, я, калі ладжу экскурсіі, апранаюся ў гістарычны строй, і, паверце, у такім “антуражы” мае словы гучаць больш пераканаўча для тых жа школьнікаў, чым калі б я сустрэў іх у сучасным гарнітуры. У падобных нюансах бачу адзін з магчымых шляхоў прыцягнення наведвальнікаў…

У якасці заключэння

Натуральна, пра ўсё, што адбывалася падчас дыспуту, у невялікім артыкуле не згадаеш. Але ад сябе магу сказаць, што да вопыту браслаўскіх музейшчыкаў я буду звяртацца ў сваіх артыкулах яшчэ неаднойчы. Бо аднатыпныя музеі, якія даводзілася сустракаць амаль ва ўсіх раёнах Беларусі (з заламі археалогіі, прыроды, сельскага побыту, вайны і сучаснасці), шчыра кажучы, не выклікаюць у мяне вялікай цікавасці. Як, мабыць, і ва ўсіх тых турыстаў, якія не сядзяць па выхадных дома, а актыўна вандруюць па Беларусі, а мо і ў замежжа. Браслаўчане ад гэтага негатыўнага іміджу “аднатыповасці” і “аднастайнасці” спрабуюць пазбавіцца, і, як на мой погляд, вельмі паспяхова.

І апошняе. Ніхто з тых, хто выступаў падчас дыспуту, на жаль, не згадаў пра эканоміку. А яна тут вельмі дарэчы. У нашых цяперашніх умовах, на мой погляд, варта весці гаворку пра тое, як утрымаць тых наведвальнікаў, якія ўжо з’яўляюцца сталымі сябрамі музея, як іх яшчэ больш заахвоціць да візіту ва ўстанову (магчыма, і праз дні бясплатнага наведвання), як пашыраць рэкламу ў СМІ і Інтэрнэце… І як працягваць паспяховую працу з заезджымі турыстамі, бо грошы на білет у іх кішэнях заўсёды знойдуцца…
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"

436