ЭСЭ ПРА НАРОДНАГА БРАСЛАЎСКАГА МАСТАКА ПАЎЛА ТУМАНОЎСКАГА (+ ФІЛЬМ)

Нядаўна ў Браславе адбылася выстава мясцовага мастака Паўла Туманоўскага. Самавук, якога ніхто не ўспрымаў сур’ёзна, пры жыцьці, напэўна, мог толькі марыць пра такую імпрэзу. Празь 10 гадоў пасьля ягонае сьмерці ў зале мясцовага краязнаўчага музэю былі экспанаваныя ягоныя карціны: некаторыя захоўваліся ў фондах музэю, але бальшыню прэзэнтавалі для выставы браслаўцы. Сказаць, што ў кожным браслаўскім доме адшукаецца твор Туманоўскага, безумоўна, будзе перабольшаньнем, але шмат дзе сапраўды ёсьць.

Браслаўцы Гальляш Сялява і Вольга Лук’янёнак да выставы зьнялі невялікі фільм пра свайго земляка. Размаўляючы зь людзьмі, якія яго ведалі, зьбіраючы ўспаміны, яны заўважылі дзіўную рэч: хоць і жыў Туманоўскі нядаўна, пра яго засталося мала дакладных зьвестак, біяграфічных фактаў, затое вельмі шмат гісторыяў, якія больш нагадваюць легенды й міты. Да прыкладу, не вядома дакладна, ці атрымаў ён нейкую адмысловую мастацкую адукацыю. Найхутчэй, не. Але некаторыя сьцьвярджаюць, што ён нешта скончыў. Пэўны час Туманоўскі працаваў настаўнікам маляваньня ў адной з раённых школаў.

У 1974 годзе згарэў дом, дзе ён жыў разам з маці. Распавядаюць, што ў роспачы ён выносіў з агню ня рэчы, а свае карціны, эскізы, якіх згарэла вельмі шмат. Трагічная падзея моцна паўплывала на яго ды ягоны далейшы лёс. Жыць ім з маці не было дзе, прапаноўвалі прытуліцца ў чырвоным кутку адной з фэрмаў. Сталае працы ня меў, падпрацоўваў, малюючы плякаты й усялякае такое для раённых установаў і арганізацыяў. А таксама маляваў карціны ўсім, хто папросіць. Грошай амаль ня браў, разьлічыцца зь ім можна было ежаю, а калі пачаў злоўжываць алькаголем — віном. У яго было любімае слоўца — «псярыць». «Ды без праблемаў запсяру табе карціну за пару дзён», — казаў ён чарговаму аматару прыўкраснага.

Распавядаюць, што аднойчы ягоныя карціны паказалі прафэсійнаму мастаку. Той адмовіў ім у значнай мастацкай вартасьці, але адную пакінуў сабе. А потым нібыта гэтую карціну бачылі на ягонай асабістай выставе. Праўда ці не — найхутчэй, выдумка, — гэтая гісторыя вельмі добра сьведчыць пра адноснасьць ацэнак у мастацтве, дзе каштоўнасьць часта мае ня твор, а імя. Туманоўскі маляваў карціны людзям амаль задарма, а прызнаны мастак, паставіўшы на ёй свой подпіс, мог бы прадаць яе за вялікія грошы.

Павал Туманоўскі меў шмат талентаў: прыгожы голас, асабліва любіў сьпяваць «Выходжу я самотны на дарогу» на верш Лермантава. Ён пісаў вершы ды, калі трапляўся ахвочы паслухаць, мог чытаць іх цягам некалькіх гадзінаў.

А яшчэ ён быў вынаходнікам, заўсёды прыдумваў нешта: зрабіў чарцяжы новай мадэлі парашута, ультрагукавой зброі, якія кудысьці дасылаў. Паводле ягонага сябра, нават вынайшаў вечны рухавік. Але, каб праверыць тэорыю на практыцы, не было адпаведных умоваў.

Любіў прыгожа апранацца, у яго было мноства гарнітураў, адзежы. Яму падабаліся прыгожыя жанчыны. У пошуках музы ён заляцаўся да мясцовых прыгажунь, але тыя не ўспрымалі сур’ёзна дзівакаватага паводле мерак беларускага мястэчка чалавека (што Туманоўскі? Тут і самога Далі не ацанілі б). Пасьля сьмерці маці ён застаўся адзін, любіў катоў, кажуць, у яго жыло іх больш за 20. Пад старасьць ён захварэў, даглядаць не было каму, і яго забралі ў дом-інтэрнат для старых.

Самае трагічнае ў гісторыі Туманоўскага — гэта, напэўна, адзінота, калі чалавек усё жыцьцё быў сярод людзей, якія яго не разумелі, для якіх ягонае імкненьне да прыгожага, апантанасьць мастацтвам былі толькі прадметам для кпінаў.

Вось гэта й чапляе найбольш, хаця тут шмат чаго ёсьць. І пытаньне, што ёсьць сапраўдная творчасьць. Няўжо толькі карціны якогасьці аўтарытэтнага майстра? Вы думаеце, Туманоўскі маляваў без натхненьня? Вядома, ён не Вінсэнт ван Гог, ягоныя карціны ня будуць прадавацца за мільёны даляраў на аўкцыёнах і ён не застанецца ў гісторыі сусьветнага жывапісу, як, дарэчы, і сотні тых ганаровых прафэсійных мастакоў, якія маглі глядзець на таленавітага самавука з пагардаю. Дый якая яму розьніца цяпер? Чалавек усё жыцьцё займаўся любімаю справаю, якая да таго ж прыносіла прыемнасьць людзям. І ў гэтым яму можна пазайздросьціць.

Але калі б ён здолеў усё ж атрымаць патрэбную адукацыю, калі б вырваўся з Браслава ў вялікі горад, дзе адшукаў блізкіх людзей? Ведаеце, а вось, можа, і не... Магчыма, гэта б перашкодзіла. Каб шчыра шукаць сакрэт вечнага рухавіка, лепей ня ведаць законаў фізыкі, якія адмаўляюць яго магчымасьць. Каб атрымліваць асалоду ад творчасьці, лепей не ўсьведамляць абмежаванасьці ўласных здольнасьцяў.

***
Гэтак мы ўжо ўспрымаем рэчаіснасьць, што ў кожным чалавечым лёсе шукаем мараль, а яго падзеі ды факты спрабуем скласьці ў нейкую схему, падладзіць пад сваё разуменьне жыцьця. Так і я, маючы ўрыўкавыя зьвесткі ды анэкдатычныя гісторыі, маю нахабства маляваць партрэт невядомага мне чалавека, магчыма, робячы зь яго трагічнага героя, якім ён зусім і ня быў.

Рэч у тым, што жыцьцё занадта больш складанае ды ў той жа час простае за нашыя схемы й тэарэтычныя развагі. Так, жыў у Браславе Павал Туманоўскі, які меў сьмеласьць жыць ня гэтак, як усе вакол, а, магчыма, проста ня мог жыць іначай. Безумоўна ж, яму хацелася прызнаньня сваёй творчасьці, хацелася больш разуменьня й любові ад людзей, але...

Вось, у прынцыпе, і ўсё.

Аўтар: Андрэй Бурэц
http://violex.info/

541