“INSITUS – 2020”

5 лістапада 2020 года ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і Віцебскім абласным краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё VI Нацыянальнай выставы інсітнага (наіўнага) мастацтва “INSITUS – 2020”, прысвечанай 380 - годдзю нараджэння разьбяра і друкара Васіля Кораня, стваральніка Бібліі ў карцінках для народа.
Пачэснае месца сярод удзельнікаў выставы заняла экспазіцыя нашага браслаўчаніна Часлава Жуселя.
Жусель Часлаў Іосіфавіч нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Петкунішкі Браслаўскага раёна ў сялянскай сям'і. Скончыў школу, адслужыў у войску, атрымаў спецыяльнасць слесара. Жыве і працуе амаль усе жыццё ў горадзе Браславе. Маляваннем захапляецца з дзяцінства.
Карціны Часлава Іосіфавіча нясуць інфармацыю аб жыцці мастака на вёсцы, яго бацьках, аднавяскоўцах, хатнім побыце, рамёствах, аб сямейных і каляндарных святах. З 2005 года з'яўляецца сябрам клуба майстроў і мастакоў “Ля Возера”. З таго часу і пачаў сваю выставачную дзейнасць.
На выставе “INSITUS – 2020” прадстаўлена 77 жывапісных палотнаў мастака, зробленых у розныя перыяды яго жыцця.
Жадаем Чаславу Іосіфавічу моцнага здароўя і творчага натхнення!

1112