Старажытнаму гербу Браслава — 230 год!

2 чэрвеня 1792 года князь літоўскі і кароль польскі Станіслаў Аўгуст падпісаў прывілей, згодна якому Браслаў атрымаў свой уласны герб. У тэксце граматы быў змешчаны і малюнак герба – вока ў трохкутніку на фоне сонца.

Асноўны элемент герба вядомы пад назвамі: Вока наканавання, Божае вока апекі, Усевідушчае вока. Гэта даўні хрысціянскі сімвал, які нагадвае, што Бог бачыць усе ўчынкі людзей. Трохкутнік сімвалізуе трыадзінства Бога, існуючага ў трох іпастасях: Айца, Сына і Святога Духа. Сонца – гэта старажытны сімвал жыцця, агню, што валодае ачышчальнай сілай ад злых духаў. Герб Браслава азначае, што горад знаходзіцца пад апекай Божай, якая засцерагае яго ад бед і няшчасцяў.

У дакуменце не гаворыцца пра колеры герба, таму паводле навуковай рэканструкцыі А. Цітова вока малюеццца ў блакітным трохкутніку на фоне залатога сонца, поле шчыта блакітнае. Колер браслаўскага герба добра стасуецца з сінявой азёрнага наваколля горада, а вока – з тымі старонкамі яго гісторыі, калі Браслаў з’яўляўся парубежным умацаваным пунктам.

Сучасны варыянт герба быў зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 36 ад 20 студзеня 2006 года “Об утверждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области”. Мастак сучаснай версіі герба – А. Леўчык.

У гісторыка-краязнаўчым музеі сабраны шматлікія дакументы з выявай гарадскога сімвала.

Акрамя свайго афіцыйнага прызначэння сучасны герб Браслава ўпрыгожвае разнастайную друкаваную і сувенірную прадукцыю, з’яўляецца вядомым турыстычным сімвалам горада, шырока ўжываецца ў разнастайных лагатыпах і малых архітэктурных формах.

811