Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Вядомыя уражэнкі-рэвалюцыянеркі нашага раёна

Ганна Аляксандраўна Зямец.

Актыўная ўдзельніца станаўлення савецкай улады на Браслаўшчыне ў 1918 - 1919 гг., член беларускага ўрада, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Першапачатковую адукацыю атрымала ў браслаўскім народным вучылішчы. Скончыла рыжскую гімназію. У 1916 г. паступіла ў Петраградскі медыцынскі інстытут. Падчас вучобы займалася рэвалюцыйнай дзейнасцю,  у лютым 1917 г. уступіла ў бальшавіцкую партыю. Са снежня 1918 г. працавала ў Браслаўскім рэўкоме, узначальвала культурна-асветніцкую секцыю, паздней стала сакратаром Браслаўска–Друйскай павятовай арганізацыі РСДРП. Актыўна займалася стварэннем валасных партячэек, агітацыйнай дзейнасцю. Пасля вызвалення Мінска ад белапалякаў летам 1920 г. накіроўваецца на працу ў сталіцу Беларусі. Прымае ўдзел у рабоце 2-га Усебеларускага з’езда Саветаў , на якім выступае ад імя работніц і сялянак рэспублікі. На з’езде выбіраецца членам беларускага ўрада, а таксама дэлегатам на восьмы Усерасійскі з’езд Саветаў. У гады  Вялікай Айчыннай вайны добраахвотніцай адпраўляецца на фронт. Прайшла шлях ад начальніка палявога шпіталя да галоўнага спецыяліста тэрапеўта. У паслеваенны час, пры асваенні цалінных земляў, накіроўваецца ў Казахстан, доўгі час узначальвае кафедру ў Карагандзінскім медінстытуте. З 1972 г. вяртаецца ў Маскву, займаецца актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Ліліна Злата Іонаўна.

Прафесійная рэвалюцыянерка, дзеяч міжнароднага жаночага руху, педагог. Нарадзілася ў 1882 г. у Друі ў яўрэйскай с’ямі. Першапачатковую адукацыю атрымала ў Рызе ў гімназіі. З 1900 г. пачала займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю. Злата Ліліна працавала настаўніцай, была слухачкай медыцынскіх курсаў у Швейцарыі, знаходзілася на партыйнай рабоце. З 1906 па 1917 гг. З. Ліліна, разам з мужам Р. Я. Зіноўевым, знаходзіцца ў эміграцыі. Яна прымае актыўны ўдзел у дзейнасці арганізацыі бальшавікоў, вядзе антываенную прапаганду, друкуе артыкулы, шмат выступае на сходах, займаецца праблемамі міжнароднага жаночага руху, пазней уваходзіць у рэдкалегію жаночага часопіса “Работніца”. Пасля рэвалюцыі 1917 г. З. Ліліна набывае шырокую вядомасць як арганізатар педагагічнай работы. Яна прапанавала новыя канцэпцыі савецкай школы, распрацавала кардынальна новыя тэарэтычныя прапановы, выдала шэраг навуковых прац, у тым ліку і мастацкія творы для дзяцей. Да апошніх дзён жыцця З. Ліліна займалася праблемамі савецкай педагогікі.

624