Лепшы музей Віцебскай вобласці

Рашеннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі “Лепшы музей (філіял музея)” узнагароджана Навукова-даследчая ўстанова культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў”.

Дзейнасць музеяў Браслава накіравана на навуковае дакументаванне з’яў, працэсаў развіцця гісторыі і грамадства; ажыцяўленне праз адбор з рэчаіснасці прадметаў музейнага значэння; ахову і выкарыстанне музейнай спадчыны.

За перыяд 2022 года супрацоўнікамі музейнага аб'яднання праведзена больш за 205 мерапрыемстваў, арганізаваны 32 часовыя экспазіцыі, з іх 5 выязных, праведзена 524 экскурсіі. Колькасць наведвальнікаў у 2022 годзе склала 28 341 чалавек. 

Музеі Браслава трымаюць цесныя стасункі не толькі з музеямі, але і з іншымі ўстановамі культуры раёна, вобласці, рэспублікі. Навуковыя супрацоўнікі музея ў 2022 годзе прымалі ўдзел у семінары “Патрыятычнае выхаванне сродкамі музейнай дзейнасці: вопыт і перспектывы” у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, у навукова-практычнай канферэнцыі “ІІ Броўкавы чытанні” у Літаратурным музеі Петруся Броўкі, канферэнцыі “Віцебскі край” у г. Віцебск і іншых.

З сакавіка па верасень рэалізоўваўся сумесны перасоўны праект “2022 - Год гістарычнай памяці”, арганізаваны НДУК “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў” і Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай Браслаўскага раёна. Праект складаўся з трох раздзелаў, прысвечаных ваенным падзеям, вядомым асобам, культуры і традыцыям Браслаўскага рэгіёна. За час рэалізацыі праекта з выставай мелі магчымасць пазнаёміцца не толькі браслаўчане, але і жыхары аграгарадкоў і вёсак раёна.

Супрацоўнікі музея займаюцца эксперыментальнай і жывой археалогіяй. Эксперыментальным метадам удалась аднавіць тэхналогію здабычы “жывога агню”, якая дэманструецца на свяце “Меч Брачыслава” падчас яго ўрачыстага адкрыцця. Свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава” з’яўляецца візітнай карткай аб’яднання, праходзіць з 2010 года падчас Міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”. Праводзіцца на другім па велічыні гарадзішчы ў краіне – Замкавай гары. На час правядзення свята гарадзішча становіцца адкрытай пляцоўкай сярэднявечнага горада. Менавіта супрацоўнікі навукова-даследчай установы культуры “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў” з’яўляюцца арганізатарамі, сцэнарыстамі, рэжысёрамі-пастаноўшчыкамі “Мяча Брачыслава”.

Праца ў накірунках эксперыментальнай і жывой археалогіі была прадстаўлена на V Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі” і адзначана на высокім узроўні. У 2022 годзе дзейнасць Музеяў Браслава была адлюстравана ў шэрагу перадач на тэлеканалах краіны. Здымачныя праекты былі прысвечаны гісторыі рэгіёна, традыцыям малой радзімы, гістарычнай памяці, майстрам і цікавым людзям Браслаўшчыны.

Музейнае аб’яднанне прыняло ўдзел у распрацоўцы самастойнага маршруту для падарожжаў “Кругасветка ўражанняў”. Калектыў установы ў 2022 годзе таксама актыўна ўдзельнічаў ў конкурсах. Найбольш значныя з іх:

  • Абласное свята-конкурс народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства” ў рамках XXXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” (дыплом I ступені);
  • Міжнародны пленэр “Гліна спявае” (дыплом I ступені);
  • Абласны відэа-конкурс майстар-класаў народных мастацкіх рамёстваў “Залатыя рукі” (дыплом I ступені) і іншыя.

Калектывам НДУК “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў” праз экспазіцыйную, выставачную і экскурсійную дзейнасць з дапамогай музейных прадметаў і ў далейшым будзе прадоўжана праца па фарміраванні ў грамадзян навыкаў гістарычнага мыслення і самасвядомасці.

555