Царква Святога Мікалая ў аграгарадку Іказнь.

У 2025 годзе спаўняецца 120 год з часу пабудовы царквы Святога Мікалая ў аграгарадку Іказнь. З 2007 года храму наданы статус гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Праваслаўная царква Святога Мікалая ў Іказні згадваецца ў дакументах XVI ст. У XVII ст. яна становіцца ўніяцкай. Апошні драўляны будынак разабралі ў 1825 годзе. Невялікую мураваную царкву ўзвялі ў 1846 г.

Існуючы храм пабудаваны ў 1905 г. з цэглы і атынкаваны. Архітэктар праекта – Аляксандр Шпакоўскі. Архітэктурнае аблічча царквы тыповае для таго перыяду: так званая “мураўёўка”, (рэтраспектыўна-рускі стыль). Квадратны ў плане асноўны аб’ём мае другі ярус. Чатырохсхільны дах завершаны васьмігранным барабанам з цыбулепадобным купалам. Да асноўнага фасада прымыкае вежа-званіца і гранёная апсіда. Званіца трохярусная, прамавугольная ў плане. Апошні ярус мае скошаныя вуглы і ўпрыгожаны вуглавымі паўкалонкамі, карнізным поясам з сухарыкамі, закамарамі. Шацёр званіцы завершаны барабанам з цыбулькай. Галоўны ўваход вылучаны аб’ёмным парталам са здвоенымі калонамі па баках, з двухгранным шчытом, які мае развіты карнізны пояс з сухарыкамі. Бакавыя фасады асноўнага аб’ёма маюць выступы, завершаныя кілепадобнымі шчытамі. Дэкор храма вельмі насычаны, часам яго элементы (аркатура, сухарыкі, паўкалоны, рэльефныя адлюстраванні крыжоў і іншыя) выглядаюць занадта масіўнымі.

Свята-Мікалаеўская царква ў вёсцы Іказнь нязменна прыцягвае турыстаў, якія выбралі адпачынак на Браслаўскіх азёрах. Наведванне гэтай царквы прадугледжвае шмат экскурсійных, пазнавальных, рэлігійных тураў па Беларусі.