Выстава «Калядныя ўзоры»

Выстава «Калядныя ўзоры» адкрылася ў браслаўскім музеі традыцыйнай культуры.
У галоўнай выставачнай зале музея экспазіцыю прадставілі работы 39 удзельнікаў. Здавалася б, за столькі гадоў дасведчаных гледачоў ужо няма чым здзівіць, але ўсё ж кожны раз майстры ствараюць нешта новае, прыўносяць у свае творы такі шэраг цікавых дробязей, што нельга не зачаравацца рукатворнай прыгажосцю. Напэўна, кожная выстаўленая рэч мае права прэтэндаваць на званне маленькага шэдэўра.

Сярод шматлікасці асоб, усё ж аснову выставы складаюць працы сапраўдных прафесіяналаў – майстра па лазе Уладзіміра Лук’янца, аматараў саломкі Марыі Шлабун і Веры Шыкалавай, Алы Селязнёвай (вышыўка). Немагчыма прайсці міма лялек, якіх стварылі залатыя рукі Марыі Дворскай. Драўляны бот, які выразаў Міхал Парахневіч, здзіўляе сваёй рэалістычнасцю, а ёлачка Элеаноры Зінкевіч з лямцу можа годна заняць месца навагодняй у хаце.

Нельга прайсці раўнадушна і міма іншых экспанатаў. Так, вельмі папулярнымі сталі тэхнікі шыцця з лапікаў, бісеру і дэкаратыўнага лозапляцення, якімі займаюцца Валянціна Петрашкевіч, Людміла Еўдакімава, Таццяна Далецкая, Вольга Лысёнак, Антаніна Жураўлёва, Валер Давыдаў і шмат іншых. Адкрыццём для многіх наведвальнікаў стануць імёны маладых у рамесніцтве майстроў па вязанні Алены Пятровай, Валянціны Шакель, па валянні Вольгі Асіпенкі, вышыўцы – Таісы Жойдзь.

Асобным новаўвядзеннем сёлета стаў конкурс ёлачак, зробленых уласнымі рукамі, які нядаўна анансавала наша газета. На яго адгукнуліся аж 22 чалавекі. Вочы разбягаюцца, калі глядзіш на вышытых, звязаных ці зробленых з паперы, саломкі, шышак “лясных” красунь. І вельмі добра, што супрацоўнікі музея не вылучалі журы, якое б ацаніла працы, а прапанавалі прагаласаваць усім наведвальнікам выставы за тую ёлачку, якая ім найбольш спадабалася. Па выніках конкурсу перамагло дрэўца са стужак Вольгі Лакоткі, другое месца атрымала названая вышэй ёлачка Элы Зінкевіч, а трэцяе – маленькі папяровы шэдэўр Алены Бялусь.

Дарэчы, на выставе “Калядныя ўзоры” для людзей правялі і бяспройгрышную латарэю, дзе кожны ўдзельнік атрымаў маленькі сувенір, а супрацоўнікі музея частавалі ўсіх свежай выпечкай і гарбатай. Як і ў мінулыя гады, выстава будзе працаваць не адзін тыдзень. Арганізатары яе запрашаюць далучыцца да прыгажосці, глыбей пазнаёміцца з народнымі традыцыямі.

38