
17 верасня Беларусь адзначае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Свята заснавана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 г. № 206.
Дата прымеркавана да гадавіны пачатку вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 г., у выніку якога падзелены па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы беларускі народ уз’яднаўся.
Дзень народнага адзінства – 17 верасня – служыць напамінам аб цэласнасці і самадастатковасці беларускай нацыі і дзяржаўнасці, фарміруе ў кожнага грамадзяніна пачуццё дачынення да лёсу сваёй краіны.
У фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў захоўваецца нумар газеты “Чырвоны сцяг” ад 17 верасня 1958 года, матэрыялы якога цалкам прысвечаны 19 гадавіне ўз’ядняння заходніх абласцей Беларусі з тэрыторыяй БССР.
Газета “Чырвоны сцяг” – орган Відзаўскага райкама Кампартыі Беларусі і раённага Савета дэпутатаў працоўных. (Да 1960 года існаваў Відзаўскі раён, які ўвайшоў у склад Браслаўскага раёна 20.01.1960).
У нумары газеты ад 17 верасня 1958 года ў рубрыцы “Мовай лічбаў” прыводзяцца наступныя звесткі аб сацыяльным развіцці раёна.
“Пры панскай Польшчы на тэрыторыі нашага раёна мелася толькі 13 школ, у якіх працавала 17 настаўнікаў і навучалася каля 300 чалавек. Сёлета ў раёне працуе 51 школа ўсеагульнага навучання, у тым ліку 4 сярэдніх, 14 сямігадовых і 33 пачатковых. Ёсць 3 вячэрнія школы рабочай і сельскай моладзі.
У школах раёна працуе 228 настаўнікаў і навучаецца 2600 дзяцей і дарослай моладзі.
Цяпер на асвету выдаткоўваецца больш 60 працэнтаў бюджэту раёна. Навучанне ў школах бясплатнае.
Да вызвалення Заходняй Беларусі ад белапалякаў на тэрыторыі раёна быў толькі адзін урач-прыватнік, які меў бальніцу на 10 ложкаў, і тры прыватна практыкуючыя акушэркі. Цяпер у нас разгорнута раённая бальніца на 75 ложкаў, у сельскай мясцовасці працуюць 2 урачэбныя ўчасткі з бальніцамі на 10 ложкаў, сельская бальніца, 13 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Маецца раённая санітарна-эпідэміялагічная станцыя.
У медыцынскіх установах раёна працуе 115 кваліфікаваных спецыялістаў.
На медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў гэтым годзе асігнавана 1 945 500 рублёў. Пры гэтым лячэнне працоўных вядзецца бясплатна.
Аб пенсіях і дзяржаўных дапамогах да верасня 1937 года ніхто і марыць не мог. Пры Савецкай жа ўладзе аб інвалідах вайны і працы, састарэлых, адзінокіх і многадзетных мацярах праяўляюцца вялікія клопаты. Толькі летась у выглядзе пенсій і дзяржаўных дапамог было выплачана ў нашым раёне 879,5 тысячы рублёў. Сёлета гэтая лічба павялічыцца.”